Reuters: Расея спыняе выдачу крэдытаў Беларусі і абмяжуе пастаўкі нафтапрадуктаў


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. 3 красавіка 2017 года. Санкт-Пецярбург, Расея. Фота – Міхаіл Кліменцьеў/Planet Pix/ZUMA Wire/Forum

Расея прыпыніла прадастаўленне крэдытаў Менску і мае намер абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацвёртага квартала 2018 года. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, у распараджэнні якога ёсць адпаведныя дакументы.

«Расейскі бок ініцыяваў спыненне практыкі бесперашкоднага вывазу з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў.., матывуючы гэта стратамі расейскага бюджэту ва ўмовах які павелічэння аб’ёму іх вывазу», – гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратакола змяненняў міжурадавай дамовы намесніка старшыні Белнафтахіма Андрэя Рыбакова.

Па гэтай прычыне «часова заблакаваны пералік Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, у ліпені 2018 года прыпыненая выплата па так званаму механізму «ператаможкі», а таксама прыпыненая праца па прадастаўленні ў 2019 годзе Беларусі дзяржкрэдыту да $ 1 мільярда».

У дакуменце адзначаецца, што РФ чакае кампенсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты.

«Аднаўленне далейшай супрацы… расейскі бок увязвае з вырашэннем пытання па ўсталяванні забароны на вываз нафтапрадуктаў з РФ у Рэспубліку Беларусь і кампенсацыі стратаў расейскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты», – адзначаецца ў запісцы Рыбакова.

Крыніца ва ўрадзе РФ пацвердзіла Reuters, што Масква заклапочана ростам паставак нафтапрадуктаў у Беларусь, ад якога пакутуе расейскі бюджэт. Крыніца ў фінансавых колах, знаёмая з ходам перамоваў, сказаў, што пералік траншаў быў прыпынены праз «новыя рознагалоссі паміж РФ і Беларуссю па нафце і газу».

Дзяржаўныя органы Расеі і Беларусі пакуль гэтую інфармацыю не каментуюць.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Глядзі таксама
Каментары