Reuters: Еўразвяз прыпыніць санкцыі супраць Лукашэнкі на чатыры месяцы


Дыпламатычныя крыніцы паведамілі інфармацыйнаму агенцтву аб тым, што дзеянне санкцыяў супраць Лукашэнкі прыпыняць на 4 месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў. Пры ўмове, што не будзе разгону акцыяў пратэсту.

Пра тое, што санкцыі могуць быць адмененыя, на мінулым тыдні з уласных крыніцаў даведаўся і «Белсат». Тады гаворка ішла пра дамову амбасадараў краінаў Еўразвязу на ўмоўнае зняцце санкцыяў супраць шэрагу асобаў з Беларусі ды беларускіх кампаніяў. Дэталі пагаднення сталі вядомыя толькі цяпер.

Міністры замежных справаў ЕЗ прымуць рашэнне ў панядзелак 12 кастрычніка. Гэта станецца кропкаю ў цяжкіх трохтыднёвых перамовах і рэакцыяй  на памілаванне палітзняволеных у жніўні, а таксама пэўная «удзячнасць» за прыняцце перамоўшчыкаў па Украіне. Гэтыя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі ўзмацнілі сярод чыноўнікаў Еўразвязу меркаванне, што кіраўнік Беларусі, вядомы як хаўруснік Масквы і як «апошні дыктатар Еўропы», адчыняе краіну для Еўропы.

«У залежнасці ад паводзінаў Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, рашэнне аб прыпыненні санкцыяў на 4 месяцы будзе фармальна прынятае ў панядзелак. Еўразвяз павінен адказаць на вызваленне палітычных зняволеных», – заявіў высокапастаўлены дыпламат ЕЗ.

Прыпыненне санкцыяў можа азначаць новы этап у дыпламатыі Еўразвязу, дзе прыярытэтам станецца пошук партнёраў пасля правалу Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Гэтая палітыка ніяк не стабілізуе, не дэмакратызуе атачэнне Еўразвязу, піша Reuters.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары