Рэпер выкарыстаў беларускія словы, каб высмеяць паркаванне на газонах – «як у Ашмянах»


У інтэрнэце набывае папулярнасць чарговы «гіт» – сатырычная песня пра кіроўцаў, якія пакідаюць свае аўтамабілі на газонах. Аўтар твора – рэпер MC Vasil – знарок выкарыстаў беларускія словы, каб падкрэсліць «вясковасць» некаторых аўтамабілістаў.

Аўтар у каментары да адмысловага роліка на песню адзначыў, што ўсё часцей пачалі ўспыхваць канфлікты з-за няправільнай паркоўкі. Мяркуючы, што справы з гэтым будуць толькі пагаршацца, ён прысвяціў праблеме сатырычную песню. Для кліпа ён зняў няправільна пастаўленыя на стаянку аўты ў адным з раёнаў Менску.

«Спачатку я думаў пазамазваць нумары, якія можна разгледзець. Але потым мне стала лянота марнаваць свой час на тых, каму лянота па-людску паставіць свае машыны. Можа быць, нехта з гэтых арлоў пазнае сваё аўто, і яму хоць на секундачку стане сорамна… ДАІ іх усё роўна штрафаваць не будзе», – напісаў рэпер.

Выканаўца, які грае ролю кепскага кіроўцы, пачынае песню па-расейску, але, адзначыўшы, што мае «вясковыя звычкі», праз нейкі час пераходзіць на трасянку з пераважна беларускай лексікай.

«Трыццаць баксаў за стаянку?
Даеш трасянку!
Ты што? Дурны?
Лучшэ я куплю новыя фарсункі.
Паркавацца даляко?
У мяне жа жонка,
А ў яе жа клункі.

А тут нядаўна мне прыходзіць штраф,
Эта ўсё мерзавец этат Святаслаў.
Гадзіна такая, у мяне проста нету слоў –
Фоткает машыны нашых атцоў, дзядоў і прадзядоў.
Знайшоўся мне такі праўдаруб р’яны –
Я ўсегда паркаваўся так у себя ў Ашмянах.
А без машыны мне нікак нельзя, рабяты,
Саседзі далжны думаць, што я багаты», – выспеўвае MC Vasil.

Адзін з інтэрнаўтаў у каментарах да відэа перадаў прывітанне з Ашмян і без ніякай крыўды напісаў: «Палі яшчэ! Поспехаў у творчасці!»

Глядзіце яшчэ >>> Украінцы патрабуюць выбачэнняў і штрафу ад тэлеканалу, чые вядоўцы смяяліся з беларускай мовы 

Сам рэпер, каментуючы ролік, таксама выкарыстаў трасянку: «Можна зразумець чалавека, які ноччу 20 хвілін безвынікова кружляў па квартале, каб знайсці хоць нейкае месца, і ўсё ж залез на газон ад безвыходнасці (не на дарозе ж машыну кідаць). Але калі лянота сваю задніцу пранесці лішніх 30-50 метраў – гэта ўжо поўнае свінства. Вусачы на гэта адкажуць: «Ты што, мне же нада на сваю ластачку непрэменна з вокан сматрэць, яе же украдуць».

Высмейваючы заганныя паводзіны ды комплексы сённяшніх беларусаў, ці сам аўтар не становіцца ахвярай пэўных забабонаў, якія пануюць у нашым грамадстве? Сцвярджаючы, што няправільнае паркаванне – гэта «вясковасць», аўтар карыстаецца беларускай мовай, якая мае на мэце, пэўна, падмацаваць ягоную думку.

Свой кліп MC Vasil здымаў, аднак, не ў вёсцы, а ў горадзе. Галоўнае ж у праблеме, якую закрануў рэпер, – гэта культура і сумленнасць аўтамабілістаў, а не месца, адкуль яны паходзяць, і ніяк не мова, на якой яны размаўляюць.

Асабістую культуру вымярае, між іншым, не толькі правільнае паркаванне, але і адносіны да любой мовы.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары