Рэпер Vinsent ідэолагам: «Зразумейце, музыкі – не ворагі дзяржавы»


У нядзелю 22 траўня сталічны клуб «іLі » не адкрые дзвярэй для аматараў Vinsentʼа. Арганізатары імпрэзы – інтэрнэт-партал Tuzin.fm – вяртаюць грошы за квіткі. Vinsent распавёў «Белсату» пра музычную цэнзуру і звярнуўся да чыноўнікаў, што даюць каманду «не пушчаць!».

«Адмаўляюць жа мне не клубы, а камітэтчыкі, ідэолагі, чыноўнікі. Таму звяртаюся да іх… Вы ж сабе нічога добрага гэтым ня робіце. Зразумейце нарэшце, што незалежныя забароненыя музыкі не ворагі дзяржавы, а патрыёты Беларусі. Я разумею, што вы пераследуеце практычныя, меркантыльныя мэты. Думаеце што гэткімі забаронамі канцэртаў захаваеце свае нагрэтыя месцы ў дзяржструктурах. Цяпер вы займаеце пасады ў камітэтах, аддзелах Рэспублікі Беларусь, то бок цэлай, суверэннай дзяржавы. Вы нават сабе не ўяўляеце, наколькі важная для незалежнасці Беларусі шчырая беларускамоўная музыка і мастацтва агулам, – заявіў музыка на адрас тых, хто забараняе канцэрты яму ды ягоным калегам. – Менавіта гэта адрознівае беларусаў і нашую краіну ад іншых народаў. Менавіта таму мы можам прэтэндаваць на незалежнасць. Без гэтага вы зробіцеся шараговымі чыноўнікамі правінцыйных губернскіх гарадоў. Мы, беларусы, усе браты: і чыноўнік, і музыка, і спартовец, і пʼяны валацуга пад крамаю. Зразумейце гэта, пакуль ня позна».

З таго як разыходзіліся квіткі на нядзельны канцэрт – мелася быць поўная зала. Праблемы з арганізацыяй канцэртаў у Менску ў Vinsentʼa былі і раней.

«Ідэолагі то тэксты песень на чытанне просяць, то тлумачэнні да тэкстаў. Хоць яны кожны радок мой цудоўна ўжо ведаюць, ня горш за фанаў. Але выконваюць свой рытуал. І кожны з іх баіцца даць адмову, бо ўсе яны «сцыкуны». Перакідваюць мяч адно аднаму да апошняга ў чарзе», – кажа музыка.

Рэкламаваць музычную падзею арганізатары ня маюць права, пакуль выканаўца не атрымае гастрольнае пасведчанне. У сваю чаргу клубы, дзе дамоўленае правядзенне, загадам зверху не асабліва пярэчаць. Бо ведаюць – заўтра да іх могуць прыйсці пажарныя ці санстанцыя, ды прычыну на вымову ці закрыццё памяшкання абавязкова знойдуць. У такой сітуацыі клуб абірае шлях адмовы непажаданаму артысту, бо толькі так пляцоўка мае магчымасць працаваць далей.

Але запрашэнні ўсё яшчэ ёсць. Напярэдадні баскетбольны клуб «Цмокі-Менск» запрасіў Vinsentʼа выступіць на Менск-Арэне пад час матчу з ЦСКА Масква – найбольш рэйтынгавага матчу лігі ВТБ. За два дні да матчу музыку паведамілі пра адмену выступу.

«Нехта з вярхушкі даведаўся, што будзе гучаць мой хіп-хоп і люкі запаялі, што аніякая гукавая хваля не прарвецца, – кажа Вінс. – Я ў нейкіх чорных спісах у іх, ці як яны гэтыя спісы называюць… Раней хоць некаторыя канцэрты адбываліся, Апошнім часам – па нулях».

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота Юрый Сідун, generation.by

Стужка навінаў