«Рэпарцёры без межаў» выступілі ў абарону Змітра Галко


Міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала да «неадкладнага вызвалення» журналіста і блогера Змітра Галко, якога вінавацяць у гвалце ў адносінах да міліцыянтаў.

У адмысловай заяве «Рэпарцёраў без межаў» адзначаецца, што Галко стаў «відавочнай ахвярай пераследу». У дакуменце адзначаецца, што пераслед журналіста «мае прыкметы акту помсты» за прафесійную дзейнасць.

«Няма ніякіх падставаў, каб трымаць гэтага журналіста ў турме. Мы заклікаем да яго неадкладнага вызвалення і зняцця ўсіх абвінавачванняў, вылучаных супраць яго», – заявіў прадстаўнік «Рэпарцёраў без межаў» Ёхан Бір.

Галко знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2,5 месяца. Судовы працэс над журналістам і блогерам Змітром Галко распачаўся 10 ліпеня.

Інцыдэнт, які стаў нагодай для крымінальнага пераследу, адбыўся ў лістападзе 2017 года. Сын Галко святкаваў сваё 15-годзе на кватэры ў Менску. На свяце былі ягоныя сябры, таксама прысутнічаў і сам Галко (усяго было каля 17 чалавек). Увечары з прычыны шуму суседзі выклікалі міліцыю. Паводле следства, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру, у іх адбыўся канфлікт са Змітром Галко, прычым журналіст нібыта ўжыў сілу да праваахоўнікаў. Сам Галко зняпраўджваў гэтыя абвінавачванні.

У хуткім часе пасля гэтага Галко разам з сынам з’ехалі ва Украіну. Аднак 22 красавіка, падчас вяртання на радзіму, Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і кінулі за краты.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў