«Рэпарцёры без межаў» выступілі ў абарону «Белсату»


«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць беларускія ўлады спыніць судовы і фінансавы пераслед незалежных журналістаў.

У паведамленні арганізацыі зазначаецца, што ад пачатку 2018 году журналісты атрымалі штрафы не менш за 48 разоў, з іх 46 штрафаў былі выпісаныя супрацоўнікам «Белсату». Толькі за тыдзень з 8 па 14 траўня за працу без акрэдытацыі пры МЗС Беларусі было накладзена не менш за 10 штрафаў. За ўвесь 2016 год журналістаў аштрафавалі 10 разоў, за 2017 – 69.

«Павелічэнне ў геаметрычнай прагрэсіі колькасці штрафаў, накладзеных з пачатку года, сведчыць аб мэтанакіраванай кампаніі з мэтай прымусіць замаўчаць журналістаў «Белсату», – заявіў кіраўнік аддзелу «Рэпарцёраў без межаў» па Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхан Бір.

Таксама ў паведамленні звяртаюць увагу, што ўлады самі стварылі глебу для пакарання журналістаў. Праз пераслед незалежныя СМІ вымушаныя працаваць з-за мяжы, шматлікія просьбы аб наданні акрэдытацыі былі адхіленыя, у выніку журналісты вымушаныя працаваць нелегальна, праз што і маюць праблемы з бяспекай і атрыманнем афіцыйнай інфармацыі.

«Патрабаванне аб акрэдытацыі для замежных СМІ павінна быць адменена», – зазначыў Ёхан Бір.

Таксама Бір заклікае міжнародных партнёраў Беларусі неадкладна аказаць ціск на ўлады, каб пакласці канец судоваму і фінансаваму пераследу незалежных журналістаў. Ад пачатку гэтага году журналістаў «Белсату» аштрафавалі амаль на $ 20 тысячаў.

Нагадаем, што сёлета Беларусь у рэйтынгу свабоды прэсы са 180 краінаў заняла 155-е месца, страціўшы дзве пазіцыі ў параўнанні з мінулагоднім вынікам.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары