Рэпарцёр «Белсату», які дабраўся да Іраку на аўтамабілі: «Мы не верылі, што даедзем»


Чым Данбас падобны да іракскага Курдыстану? Як не трапіць у рабства да ісламістаў? Што агульнага паміж беларусамі і курдамі? Сяргей Пеляса паразмаўляў з Сяргеем Марчыкам, рэпарцёрам «Белсату», які толькі што вярнуўся з Іраку.

Ты працаваў як журналіст у Данецку на баку сепаратыстаў, на баку ўкраінцаў, а цяпер ты вярнуўся з Іраку. Што агульнага паміж гэтымі канфліктамі?

Кожны канфлікт паводле сваёй прыроды вельмі падобны, а тым больш, калі гэты канфлікт развіваецца на міжэтнічнай, рэлігійнай глебе. Тое, што я бачыў у Данецку ці пад Марыупалем, хутчэй, гэта Марыупаль, чым Данецк, калі мы кажам пра Курдыстан, то адчуванне вельмі падобнае для рэпарцёра. Ты прыязджаеш у горад, які кантралюецца іракскім войскам ці ўкраінскім, але людзі збольшага падтрымліваюць гэтую сепаратысцкую ідэю. І калі ў Данецку яны падтрымліваюць расейскую ідэю, гэтак званага «русского мира», то ў іракскім Кіркуку людзі ў значнай ступені падтрымліваюць ісламскую ідэю. Нягледзячы на тое, што горад кантралюецца іракскім войскам, людзі з задавальненнем могуць цябе адстрэліць ці прадаць, пакуль ніхто не бачыць. Пакуль на вуліцы ёсць войска – усё спакойна. Калі прыходзіць ноч, там адбываюцца вельмі цёмныя рэчы. І нам усе казалі не выходзіць на двор, не выходзіць з аўта, хавацца. Калі мы прыехалі на месца, нам не дазвалялі спаць у гатэлях, бо гатэлі – гэта першае месца, дзе іншаземца могуць прадаць.

Прадаць куды? У рабства ў «Ісламскую дзяржаву»?

У «Ісламскую дзяржаву». У іх ёсць распрацаваны шлях, што рабіць з такімі людзьмі. Ты еўрапеец, за цябе дакладна ўдасца атрымаць грошы ці адрэзаць табе галаву і зрабіць чарговае цікавае відэа падтрымання сваёй ідэі.

Сяргей, у Іраку ты быў са сваім польскім калегам Конрадам Загурскім. Вы здымаеце вялікі рэпартаж для «Белсату» пра моладзь, якая спрабуе змяніць гэтую краіну пасля падзення рэжыму Садама. Але паралельна рабілі відэаблог для нашага сайту «Belsat.eu». Ён яшчэ будзе працягвацца. Я прапаноўваю паглядзець фрагмент. У відэаблогу мы пакажам, як выглядае захопленая курдамі былая база «Ісламскай дзяржавы».

Фрагмент відэаблогу глядзіце ў размове з Сяргеем Марчыкам

Там усё можа быць замінаванае. Табе не страшна было?

Вядома, страшна, але пасля столькіх месцаў, дзе я быў, гэтая мяжа страху зніжаецца. З табою мы першы раз трапілі ў гэтыя непрыемнасці. Першая наша супраца пачалася з таго, што мы паехалі на Майдан. Потым ты пайшоў далей, быў на Данбасе, у Турцыі. Чаму ты працягваеш займацца гэтаю небяспечнаю галіной журналістыкі? Ваеннае ці канфліктнае рэпарцёрства.

Што датычыць небяспекі, то гэтая небяспека заўжды, пасля кожнага чарговага пункту, узровень небяспекі, а, дакладней, адчуванне небяспекі зніжаецца. Ужо быў у столькіх месцах, што ўжо тут, падаецца, вельмі спакойна. Калі б я першы раз трапіў, гэта не было б спакойна, але дыстанцыя набіраецца да гэткіх сітуацыяў. Гэта адно.

А чаму займаюся гэтым. Я жыву ў Варшаве, дзе вельмі спакойна, у мяне ёсць бізнес, які вельмі добра працуе без мяне. Чым займацца для таго, каб прынесці нешта добрае людзям ці расказаць нешта цікавае, і дзе знайсці сваё месца, дзе няма канкурэнцыі, – вось гэта пытанне, на якое я даўно шукаю адказ. І мне падаецца, што гэта добрае месца, дзе пакуль я не маю вялікай канкурэнцыі. Не кожны чалавек можа пахваліцца ці адважыцца на гэткія выезды, таму добра сябе адчуваю з гэтым.

Выезд вельмі нетыповы. Вы з Конрадам паехалі на машыне, таксама нетыповай – «Fiat Multipla», аж да Іраку. Гэта шакуе. Чаму выбралі такі шлях і ці былі нейкія цікавыя прыгоды на шляху?

У нас была велізарная колькасць прыгодаў. Самае яскравае? Самае яскравае гэта тое, што нашае аўта «Fiat Multipla» ўжо пабывала на іншых франтах, а, дакладней, яму адарвала два колы на ўкраінскіх франтах. Яно вярнулася і яго адрэстаўравалі, і мы вырашылі ехаць да Іраку. Шчыра кажучы, не верылі, што даедзем. Бо раз мы ўжо ездзілі, летась, таксама да Іраку, толькі іншым шляхам і без машыны. Нас тады не пусцілі. Гэтым разам пусцілі. Але ў нас да апошняга моманту былі сумневы. І, калі мы даехалі і прайшлі ўсе гэтыя цяжкасці і ўжо ездзілі па Іраку цягам некалькіх дзён, вырашылі даехаць да апошняга пункту, апошняга блокпаста, дзе пачынаецца мяжа з «Ісламскаю дзяржавай». Дзесьці 600 м перад мяжою з «Ісламскаю дзяржавай» мы моцна разагналіся. Аўтам кіраваў не я, а наш сябра арабскі журналіст, і ён не заўважыў, што была вялікая дзірка і аўта вельмі моцна ўпала ў дзірку. Мы знішчылі рухавік, знішчылі колы, яшчэ некалькі частак. І я ўжо быў перакананы, што нам давядзецца вяртацца дадому самалётам. Але дзякуючы…

Мясцовым залатым…

Мясцовым залатым рукам дзядзі нашага знаёмага араба аўта адрамантавалі. Спачатку зашпаклявалі дзірку ў рухавіку, пазней неяк заварылі ці што зрабілі, аднавілі аўта. Нам удалося даездзіць да канца нашай прыгоды, да канца нашага турнэ і нават вярнуцца ў Варшаву на гэтым жа аўце.

Курды жывуць вельмі далёка ад нас. Але лёс часткова падобны. Як бы ты апісаў, што гэта за людзі, што гэта за народ. Ці ёсць у іх нешта агульнае з беларусамі? Можа, ты заўважыў тое, што нас абʼядноўвае?

Ёсць вельмі шмат рэчаў, якія нас абʼядноўваюць. Шмат курдаў павыязджалі з прычыны таго, што маюць сваю трагедыю ў краіне, таксама як беларусы. Самая трагедыя, што яны не маюць сваёй дзяржавы або маюць, але абмежаваную.

У іракскім Курдыстане, ты маеш на ўвазе аўтаномію? Больш нічога няма. Ну ёсць у Сірыі, але там ідзе жорсткая вайна.

У Сірыі вайна, іранскія курды ўвогуле моцна прыціснутыя і не адгукаюцца.

Турэцкія найбольш здаецца…

Турэцкія – найбольш набліжаныя да беларускіх, бо гэтая вайна з турэцкаю дзяржавай яна найбольш падобная.

Вайна за самавызначэнне, за аўтаномію.

За мову, за самавызначэнне, але ім гэтага не дазваляюць. Іракскія курды больш спакойныя, бо ў іх ёсць свая аўтаномія. Яны пайшлі ў заходні бок, не так, як турэцкія, якія пайшлі ў бок Расеі ды камунізму. Але тым не менш іхныя лёсы вельмі падобныя. Гэта размова на асобную праграму, на гадзіны і гадзіны.

І пра гэта, між іншым, будзе ваш рэпартаж пад працоўнаю назвай «Курдскі дзённік» пра маладое пакаленне курдаў у Іраку, які праз некалькі месяцаў пакажа «Белсат». Дзякуй за размову, Сяргей.

Дзякуй вялікі.

Размова з Сяргеей Марчыкам выйшла ў праграме «ПраСвет».

Стужка навінаў