«Рэпартэр» – тэлепраграма, якая дапамагае беларусам змяняць жыццё


У Беларусі ўжо нямала людзей, гісторыі якіх скончыліся хэпі-эндам дзякуючы таму, што пра іх распавялі ў белсатаўскай праграме «Рэпартэр».

Сярод іх – першая ў Беларусі мадэль з ДЦП Ангелінa Ўэльская, пра якую пасля некалькіх сюжэтаў на «Белсаце» паўстаў асобны рэпартаж у цыкле «Без рэтушы». Дзяўчына працягвае кар’еру ў Мілане.

Ганна Ярчынская, гераіня гісторыі пра дзяўчынку-сірату, якая стала валанцёркай, знайшла сям’ю і змагла сабраць грошы на запіс аўтарскіх песняў.

Арнітолагі, якія вышуквалі гнёзды чорных буслоў, каб зрабіць вакол іх ахоўную зону і забараніць вырубаць лес, атрымалі грошы на свой праект.

Алена Кароль, хворая на спінальна-цягліцавую дыстрафію, знайшла грошы на аперацыю, якая выратавала ёй жыццё. Цяпер яна сама дапамагае хворым дзецям.

Жыхары Гомля дамагліся адмены рэканструкцыі гістарычнай вул. Пралетарскай, якую планавалі пашырыць, і галоўнай плошчы гораду, дзе хацелі зрабіць тры падземныя пераходы.

Усіх гісторыяў не пералічыць, бо за час існавання праграмы паўстала 1200 рэпартажаў! А 9 гадоў таму, калі «Рэпартэр» толькі пачынаўся, людзі не верылі, што незалежны тэлеканал, які працуе напаўпадпольна, зможа хоць неяк паўплываць на чыноўнікаў. Цяпер звяртаюцца самі.

«Рэпартэр» выходзіць у эфір ад пачатку існавання «Белсату». Сёння – юбілейнае 300-е выданне.

«Калі пачыналі, я не да канца верыў, што без акрэдытацыі мы зможам рабіць праграму два разы на месяц, – распавядае рэдактар «Рэпартэра» Юры Каліна. – Працаўнікоў не было і мы самі выхоўвалі кадры».

Цяпер праграма выходзіць штотыдзень, для яе працуюць 15 рэпарцёраў у розных кутках Беларусі. І яны трымаюць сувязь з героямі сваіх сюжэтаў, каб спраўдзіць: дапамагло ці не. І калі трэба – вярнуцца да тэмы.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары