Рэпартаж з лагеру, з якога беларусаў адпраўляюць на вайну ва Украіну


«Белсат» знайшоў яшчэ адно падраздзяленне беларусаў, якія як і вядомы атрад «Пагоня» ваююць на баку Украіны.

Нашыя карэспандэнты пабывалі на трэнаванні хлапцоў, якіх, нягледзячы на часовае перамір’е, адпраўлялі ў зону баявых дзеянняў: вайскоўцы вельмі сумняюцца, што баевікі сапраўды спыняць агонь. 

[vc_single_image image=”346782″ img_size=”large”]

За горадам у вызначаным месцы нас сустрэлі людзі ў балаклавах. Пасля дакладнага правярання нас вязуць у лагер, дзе адбываецца навучанне маладых байцоў. Журналістаў у такія месцы не запрашаюць. Тут усё адбываецца па правілах канспірацыі. У лагеры навучаецца дзевяць беларусаў. Большасць з іх не хоча афішаваць сваю прысутнасць, разумеючы, чым гэта пагражае ў Беларусі. Ды і ў самой Украіне іх статус вельмі няпэўны. Шматлікія абяцанні надаваць грамадзянства замежнікам, якія едуць бараніць Украіну, аказаліся толькі размовамі. Пакуль для гэтага няма ніякіх прававых механізмаў.

[vc_single_image image=”346783″ img_size=”large”]

На дзіва, у лагеры мы ўбачылі не камандас, а звычайных беларускіх хлапцоў. Большасць расейскамоўныя, і ніхто з іх не звязаны з палітычнымі партыямі і рухамі. Пазнаёміліся толькі тут, калі праз батальён іх скіравалі на навучанне.

«Мы лічым сябе патрыётамі Беларусі, але пабачыўшы агрэсію Расеі прыехалі дапамагаць украінскаму народу, – распавядае адзін з навучэнцаў. – Мы ваюем за вольную Украіну, каб вольнаю была і Беларусь. Мы ўсе пераканыя, што Украіна пераможа і далей нас чакае змаганне за незалежную Беларусь. Дзеля гэтага мы хочам атрымаць тут досвед».

[vc_single_image image=”346786″ img_size=”large”]

Перад пачаткам навучання мы рушылі ў адну з мілітарных крамаў, дзе беларускія добраахвотнікі самыя мусілі набыць сабе частку палявога рыштунку. Забяспечваць сябе – ад шкарпэтак да бронекамізэлек і шлемаў – добрахвотнікі мусяць самі, украінская дзяржава фактычна нічым не дапамагае.

Калі мы разлічваліся ў краме за рыштунак, прадавачка запытала: «Навошта гэта вам?». – «На АТА (антытэрарыстычную аперацыю)», – коратка адказаў адзін з беларусаў. І атрымаў зніжку. А да кожнай набытай рэчы была далучана капэрта з надпісам «Вяртайся жывым… », а ўнутры – напісаны ад рукі ліст са зваротам да абаронцаў Украіны і драўляны жоўта-блакітны журавель.

[vc_single_image image=”346784″ img_size=”large”]

На вуліцах украінцы таксама актыўна рэагуюць на людзей у вайсковай форме, пытаюцца пра сітуацыю выказваюць сваё падтрыманне.

Але асноўная праблема добраахвотнікаў ва Украіне –не недахоп рыштунку ці зброі, а слабая падрыхтоўка ці поўная яе адсутнасць. Так было з батальёнамі «Данбас», «Днепр», «Азоў». Рыхтаванне часам адбывалася за дзень перад выездам у зону АТА. Цяпер на шматлікіх украінскіх палігонах ды вайсковых базах адбываюцца інтэнсіўныя трэнаванні. Нашу групу беларусаў рэкрутацыйны аддзел аднаго з батальёнаў таксама накіраваў на адзін з такіх палігонаў.

Заняткі адбываюцца надзвычай інтэнсіўна. Магчымасці расслабіцца няма нават падчас абедзеннага перапынку. З раніцы да вечара дасведчаныя інструктары – эксперты і вайскоўцы, большасць з якіх бяруць удзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны, – праводзілі тэарэтычна-практычныя заняткі. Тут даюць практычныя веды: пачынаючы ад таго, як трэба правільна трымаць зброю і скончваючы дзеяннямі батальённа-тактычнай групы. На курсе выхоўваюць дысцыплінаванага байца ды шукаюць сярод удзельнікаў людзей з камандзірскімі здольнасцямі, распазнаюць патэнцыял тых, хто ў далейшым можа быць снайперам, кулямётчыкам, выведнікам ці карэктыроўшчыкам вагню. Вялікая ўвага надаецца першай дапамозе параненым.

Інструктары трымаюць на курсах жорсткую дысцыпліну і папярэджваюць: «Адзнакаў тут ніхто ставіць не будзе, найлепшаю адзнакай будзе вашае жыццё».

[vc_single_image image=”346785″ img_size=”large”]

Пасля сканчэння навучання большасць удзельнікаў скіроўваецца ў зону АТА, у тым ліку і беларусы.

Ужо ў сваім баявым батальёне нашыя хлопцы атрымалі дадатковае навучанне з выкарыстаннем розных відаў зброі, мінна-падрыўныя падрыхтоўка і размеркаванне па баявых спецыяльнасцях у залежнасці ад здольнасцяў.

Назваць нават прыблізную колькасць беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, немагчыма. Але як нас запэўнівалі ў розных атрадах, лік ідзе на сотні. Ёсць беларускі атрад «Пагоня», ваююць беларусы і ў батальёнах «Данбас»,«Азоў», «Айдар», і колькасць іх увесь час павялічваецца.

Тыднёвы курс навучання завершыўся. Мы хутка развіталіся з хлапцамі, быццам бы заўтра сустрэнемся. Яны сядалі ў машыны, якія завязуць іх у батальён, а потым – на вайну… І калі мы глядзелі ім у спіны, займала дух ад гонару ды не ішлі з галавы словы цыдулкі, якую дала прадавачка: «Вяртайцеся жывымі!».

belsat.eu

Стужка навінаў