Рэпартаж пра аграгарадок, у які немагчыма прыехаць

video

«Каб людзі жылі ды не зайздросцілі гараджанам, каб сюды хацелася прыехаць», ставіў задачу перад мясцовымі ўладамі Гомельшчыны Лукашэнка, наведваючы ўвесну аграгарадкі ў рэгіёне. Але вось акурат з тым, каб прыехаць – могуць узнікнуць праблемы. Прынамсі ў аграгарадку Шырокае, Буда-Кашалёўскага раёну.

Пабудавалі новыя дамы – і такім простым спосабам ператварылі цэнтр сельсавету Шырокае з вёскі ў аграгарадок. Але большасць аўтобусных рэйсаў з Буда-Кашалёва і Гомля прыбралі. Цяпер дабрацца да раённага ці абласнога цэнтру – цэлая лагістычная прыгода, скардзіцца цёзка сына кіраўніка краіны.

Віктар Лукашэнка: «Маршруткі няма – як хочаш так і дабірайся»

«Дачка захоча прыехаць, дапусцім прыехала ў суботу, а ў панядзелак па графіку маршруткі няма – як хочаш так і дабірайся», – скардзіцца Віктар Лукашэнка.

Да райцэнтру з Шырокага 24 кіламетры. І два аўтобусныя рэйсы – зранку і ў абед. Калі не паспееш развязаць свае справы за некалькі гадзінаў, вяртацца давядзецца на папутках або ісці частку дарогі пешкам.

«Ад трасы 6 кіламетраў і яшчэ паўтары-два»,

«З Буда-кашалёва з горам папалам. Стаіш – стоп-гоп. Добра калі яшчэ спыніліся і падабралі»,

«Каго зловіш з тым і падʼедзеш, а калі не падвезлі, то можаш з Буды і пешкі ісці»,

– распавядаюць пра штодзённыя прыгоды жыхары Шырокага.

Скаргі жыхароў на праблемы з транспартам у сельсавет і мясцоваму дэпутату не дапамагаюць. Мясцовыя ўлады ўласнымі сіламі развязаць праблемы не могуць.

«У нас быў сход грамадзянаў, мы звязваліся з Гомелем, з аўтавакзалам, размаўлялі. Наш прыватны маршрутчык адмовіўся ездзіць. Яму напэўна нявыгадна сюды ездзіць. Раней ён ездзіў, раней маршрутка на Гомель ездзіла штодня. Аўтавакзал сказаў што маршрутчык адмовіўся – ён прыватнік, яны не могуць яго абавязаць. Стандарт выконваецца, аўтобус ходзіць», – распавяла Жана Волкава загадчыца справамі мясцовага сельсавету.

На тое, каб давесці аграгарадкі да ідэальнага стану, Лукашэнка ўвесну даў пяць гадоў. Пытанне толькі – што павінен азначаць «ідэальны стан» – што выконваюцца стандарты ці што людзям зручна жыць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары