Рэпартаж «Белсату» заваяваў галоўную узнагароду фестывалю Мастацтва факту


Рэпартаж Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў» перамог на фестывалі ў польскім горадзе Торунь і заваяваў першую ўзнагароду ў катэгорыі «дакументальны фільм».

Рэпартаж прысвечаны пленэру, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам.

Падчас здымак у Песках Андрусь Такінданг, які паехаў на пленэр разам з мастакамі, напісаў песню «Страляюць». Яна стала саўндтрэкам да рэпартажу.

«Тарас Носар карэнны данечанін, нарадзіўся там, выкладаў у мастацкіх школах па-украінску, калі туды прыйшла вайна, вымушаны быў зʼехаць і знайсці сабе прытулак у Львове. У Данецку засталася майстэрня і большасць працаў, цяпер у гэтым памяшканні фонд дапамогі «Наваросіі». Для спадара Тараса гэта быў вельмі асабісты пленэр, ён з асаблівым смуткам маляваў краявіды з разбуранымі дамамі на яго роднай зямлі, а на даляглядзе – свой Данецк, які так блізка, і так далёка за лініяй фронту», – распавядае Антось Цялежнікаў пра тых, хто трапіў у кадр.

«Паехаць на пленэр – гэта быў, вядома, адважны чын з разуменнем пагрозы для жыцця, і тое, што адважылася паехаць столькі беларускіх мастакоў, шмат значыць.Ідэяй пленэру было ўшанаванне загінулых хлопцаў з Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, а таксама іншых абаронцаў суверэнітэту Украіны. Гэта было творчае пераасэнсаванне таго, што цяпер адбываецца ва ўкраінскім Данбасе. Мастакі на ўласныя вочы пабачылі, у якіх умовах жывуць і дзейнічаюць украінскія добраахвотнікі. Пабывалі на лініі фронту ў Песках, у месцах, дзе жылі хлопцы з Тактычнай групы «Беларусь», дзе пісаў свае песні Алесь Чаркашын, дзе паранены снарадамі і кулямі кожны кавалак зямлі і будынкаў. Вынікам сталася каля 50 палотнаў што напісалі шэсць беларускіх і адзін украінскі мастак. Гэтыя працы прэзентавалі ў амбасадзе Украіны ў Менску».

Другую ўзнагароду ў гэтай жа катэгорыі атрымала дакументальная стужка «Балтыйскі покер. У што гуляе Пуцін», якая паўстала ў супрацы з нашым тэлеканалам.

Галоўная гераіня фільму – Сандра Ужулэ-Фонс (Sandra Užule-Fons), журналістка з латышскімі ды польскімі каранямі. Яна вяртаецца ў краіну дзяцінства, каб даследаваць, наколькі моцныя там уплывы Расеі. Балтыйскія краіны застаюцца пад рэальнаю пагрозаю з боку Расеі – даказвае дакументальная стужка «Балтыйскі покер. У што гуляе Пуцін».

Гран-пры ў катэгорыі «рэпартаж» заваявала праца «Фашысты ў акопах» журналістаў польскага тэлебачання TVP Рафала Станьчыка і Яраслава Гермазяка.

Віншуем пераможцаў!

Фестываль Мастацтва факту праходзіць з 2013 году. На ім журы абірае найлепшыя тэлерэпартажы і дакументальныя стужкі году, зробленыя для польскіх тэлеканалаў. У 2016-м на конкурс даслалі больш за 120 працаў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў