Рэлігійны канфлікт на Берасцейшчыне – праваслаўныя патрабуюць знесці каталіцкі крыж


Рэлігійны канфлікт разгарэўся на Берасцейшчыне. У аграгарадку Белавежскі, што ў Камянецкім раёне, частка праваслаўных патрабуе знесці каталіцкі крыж.

Мясцовыя каталікі звярнуліся да ўладаў з просьбай усталяваць крыж яшчэ ў студзені 2014 года, але не дачакаўшыся адказу – самавольна ўсталявалі крыж на ў’езде ў аграгарадок.

Крыжы праваслаўны і каталіцкі, маглі б стаяць побач нікому не замінаючы, – такое можна пабачыць па ўсёй Беларусі, – каб не святар мясцовай праваслаўнай царквы, якому каталіцкі крыж не дае спакойна жыць.

Што рабіць далей з каталіцкім крыжам вырашалася на адмысловым сходзе жыхароў Белавежскага. Пасля доўгіх спрэчак залу пакінулі прадстаўнікі каталіцкай паствы, якія адмыслова не рэагавалі на рэзкія выказванні некаторых прадстаўнікоў праваслаўнага боку. У выніку рашэнне наконт далейшага лёсу каталіцкага крыжа будуць прымаць свецкія ўлады.

З 2,5 тыс. жыхароў Белавежскага супраць крыжа выступае толькі частка прыхаджанаў РПЦ. Астатнім праваслаўным вернікам пасёлку крыж зусім не замінае.

У суседнім горадзе Высокае крыжы двух канфесіяў стаяць побач шмат гадоў, і ніяк не свараць людзей.

Спрадвеку ў Беларусі мірна жылі прадстаўнікі розных канфесіяў. І ёсць надзея, што і ў Белавежскім агонь канфлікту будзе загашаны, а крыж не стане яблыкам разладу.

Алесь Ляўчук, «Белсат»

Стужка навінаў