Рэктара ЕГУ абяруць «пад прыкрыццём»


Працэс выбараў галавы беларускага ўніверсітэта ў выгнанні ўступае ў апошнюю фазу. Інфармацыю пра кандыдатаў даводзіцца збіраць па крупінах. Belsat.eu знайшоў аднаго з асноўных кандыдатаў, Дэйвіда Поліка, на старонках Forbes, пры тым, што каледж у ЗША пры ягоным кіраванні стаў банкротам.

Адміністрацыя ЕГУ адмаўляецца прадстаўляць журналістам поўны спіс кандыдатаў, спасылаючыся на канфідэнцыйнасць. Аднак з закрытых і адкрытых крыніцаў вядома, што на пасаду рэктара прэтэндуюць:

– Дэйвід Полік, выконваючы абавязкі рэктара ЕГУ;

– Дарус Удрыс, прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыі;

– Таццяна Шчытцова, выкладчыца ЕГУ, рэдактарка часопісу «Топос»;

– Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат на прэзідэнты Беларусі-2006;

– Алесь Краўцэвіч, гісторык і былы прарэктар Гарадзенскага ўніверсітэту;

– Эдвард Рослоф, дырэктар праграмы Фулбрайта ў Расеі;

– Шарунас Ліекіс, літоўскі гісторык і палітолаг.

Працэс адбору

Выбары ажыццяўляе конкурсная камісія Кіроўнай рады ўніверсітэта. У складзе рады – адзін беларус, прадстаўнікі Швецыі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Бельгіі, Эстоніі і Даніі. 16 і 17 снежня конкурсная камісія супольна з выкладчыкамі, студэнтамі і адміністрацыяй сустракаецца з кандыдатамі, каб ацаніць іх. Камісія перадае сваю рэкамендацыю Агульнаму сходу сузаснавальнікаў.

А як жа самакіраванне?

Адмыслоўцаў непакоіць, што ў працэсе выбараў органы акадэмічнага самакіравання фактычна не граюць ніякай ролі. Былы старшыня сената ЕГУ Павел Церашковіч цвердзіць, што згодна з новай рэдакцыяй статута, сенат не мае ніякага ўплыву на прыняцце стратэгічных рашэнняў.

«Раней сенат меў права браць удзел у абмеркаванні кандыдатураў на пасаду рэктара. Калі падыходзіць фармальна, то ва ўніверсітэцкай рады беларускіх ВНУ правоў значна болей, чым сёння ў сената ЕГУ», – кажа прафесар.

Студэнцкі голас

Студэнцтва ЕГУ дамаглося адкрытага форуму між студэнтамі і кандыдатамі. Як распавядае прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі, студэнты будуць мець 30-хвілінныя дыскусіі з кожным з кандыдатаў. Імя прэтэндэнта, што спадабаецца навучэнцам найбольш, прадстаўніцтва агалосіць конкурснай камісіі. Тыя абяцаюць улічыць меркаванне.

Паводле справаздачы ўніверсітэта, аплата навучання студэнтамі складае 25% бюджэту ўстановы. «Тэхнічна студэнты таксама ёсць стэйкхолдэрамі ўніверсітэта, але зараз мы амаль нічога не маем. Праграма максімум – каб наш голас улічваўся б у якасці асноўнага. Але пакуль гэта толькі голас дарадцы», – тлумачыць Дзяніс.

Публічных сустрэчаў ці прэс-канферэнцыяў з кандыдатамі ЕГУ не прадугледжвае.

Who is Mr. Pollick?

А запытацца ў кандыдатаў сапраўды ёсць што. Тры прэтэндэнты, да якіх мы звярнуліся, адмовіліся ад інтэрв’ю. Адзін з іх – правост і часовы рэктар універсітэта Дэйвід Полік (David Pollick).

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Год таму ў структуры адміністрацыі ўсплыла новая пазіцыя – першы прарэктар. Гэткая пасада характэрная для паўночнаамерыканскіх ВНУ. Аднак у статуце ЕГУ такой не было. Функцыі першага прарэктара нідзе не акрэсленыя.

Прафесар Павел Церашковіч сустракаўся з Дэйвідам Полікам, калі ён толькі пачаў працу: «Было заўважна, што сп. Полік не разумее ні сітуацыі ва ўніверсітэце, ні месца ЕГУ ў адукацыйнай прасторы і грамадскай супольнасці Беларусі. Магчыма, за гэтыя месяцы нешта змянілася, але, наколькі я ведаю са словаў супрацоўнікаў універсітэта, пакуль Полік нічога значнага не зрабіў».

З сайта ЕГУ даведваемся, што доктарскую ступень па філасофіі спадар Полік атрымаў ва ўніверсітэце Атавы (Канада), пазней быў уганараваны званнем прафесара. Займаў пасаду правоста ў Дзяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (аддзяленне ў Кортландзе), працаваў у якасці прэзідэнта і выканаўчага дырэктара Чыкагскага інстытута мастацтваў, быў прэзідэнтам каледжа Лебанон-Вэллі і Паўднёвага каледжа Бірмінгема.

Аднак кіроўная дзейнасць Дэвіда Поліка ў апошнім каледжы не была бездакорнаю. Як паведамляюць амерыканскія СМІ, у 2004 годзе ён прыйшоў кіраваць установай з ідэяй павялічыць набор студэнтаў. Паступова колькасць абітурыентаў сапраўды пайшла ўгару. Але ў 2010 годзе Полік абвесціў аб доўгатэрміновай праблеме з фінансаваннем. Дзірка ў бюджэце вымагала рэзкай эканоміі ды кадравых скарачэнняў. У выніку пяць спецыяльнасцяў былі закрытыя, 27 выкладчыкаў – звольненыя. Прэзідэнт сышоў з Паўднёвага каледжа Бірмінгема ў 2010 годзе, пакінуўшы элітны гуманітарны каледж у глыбокім фінансавым крызісе, паведамляе al.com.

Як піша калумніст парталу Джон Арчыбалд, ад часу кіравання Поліка прорва між прыбыткамі і выдаткамі каледжа павялічвалася штогод. У 2006 дэфіцыт бюджэту склаў $11,5 млн., у 2008-ым – ужо $22 млн.

У той жа час заробак прэзідэнта ўзрастаў і ў 2008 годзе склаў больш за $30 тыс. на месяц, сцвярджае амерыканскае СМІ. Столькі звычайна зарабляе прэзідэнт утрая буйнейшага ўніверсітэта ЗША.

Тады ж, у 2010-м, Forbes размяшчае Дэйвіда Поліка на трэцяе месца ў нацыянальным рэйтынгу кіраўнікоў каледжаў, якія найбольш зарабляюць. Яго прыбытак склаў больш за $2 млн.

Паводле New York Times, заробак Поліка ў якасці правоста ЕГУ таксама складана назваць сціплым: $12,5 тыс. штомесяц. Гэта ўтрая болей заробку часовага рэктара Віленскага ўніверсітэта. Аднак ЕГУ зняпраўджвае інфармацыю выдання і паведамляе, што выплата правосту адпавядае «заробку прарэктара ці акадэмічнага віцэ-прэзідэнта замежнага ўніверсітэта».

У кантралёра зноў прэтэнзіі

Правамернасць працаўладкавання Дэйвіда Поліка яшчэ не разглядаў кантралёр па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літвы. Нагадаем, яшчэ ў красавіку орган кантролю пастанавіў, што кіраўніцтва ЕГУ парушыла пяць артыкулаў універсітэцкага статута. Аднак адміністрацыя не ўзяла да ўвагі рэкамендацыі кантралёра, а… падала на яго ў суд. Неўзабаве Віленскі акружны адміністрацыйны суд разгледзіць позву ЕГУ наконт правамернасці рашэння кантралёра.

Як стала вядома belsat.eu, 3 снежня кантралёр па этыцы прыняў яшчэ адно крытычнае рашэнне што да ЕГУ. Яно датычыць прызначэння прарэктара Бернардаса Гайлюса ў 2012 годзе. Кантралёр прызнаў, што прарэктара ўладкавалі без згоды Кіроўнай рады, што супярэчыць статуту ўніверсітэта.

Пераможцу конкурсу на пасаду рэктара ЕГУ да 1 сакавіка мусіць вызначыць Агульны сход сузаснавальнікаў.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў