Рэкорды і правалы Менскага паўмарафону. Глядзіце інфаграфіку і меркаванні


Пра што гавораць афіцыйныя вынікі Менскага паўмарафону? Мы прааналізавалі лічбы ды сабралі меркаванні ўдзельнікаў спартовай імпрэзы.

«Нябачныя» бегуны

Арганізатары заяўляюць, што паўмарафон сабраў 30 тысячаў асобаў. Аднак праз гэтыя лічбы да нас усміхаецца спартовы клон Лідзіі Ярмошынай: да ўдзельнікаў паўмарафону чамусьці залічылі і тых, хто запісаўся на дыстанцыю 5,5 км, і тых, хто бег «чвэрцьмарафон».

Акрамя таго, частка ўдзельнікаў выкупіла стартавы пакет без электроннага чыпу, які дазваляе вымяраць вынікі. Такім чынам, рэальных лічбаў не мае ніхто.

Для аналізу мы ўзялі толькі тыя паказнікі, за якія арганізатар «адказвае галавою»: спартоўцаў, што беглі стандартныя 21 км 97,5 метраў ды мелі электронныя чыпы.

У параўнанні з паўмарафонам 2016 году сёлета ў Менску ўдзельнікаў было ў два разы больш і яны прадстаўлялі ў два разы большую колькасць краінаў. Перамог у гэтым спаборніцтве кеніец Гілары Кіптум Маё Кімаё, які першыя 5 км прабег за 14:11 (тэмп 02:51), а потым да канца дыстанцыі нязменна што 5 км трымаў тэмп 03:01 на кіламетр. Свайго бліжэйшага суперніка з Эфіёпіі ён апярэдзіў больш, чым на хвіліну.

Які рэгіён Беларусі – самы хуткі?

За спартоўцамі з Гомельшчыны сёлета было не ўгнацца. У іх – самая вялікая сярэдняя хуткасць. А вось менчукі былі самымі павольнымі. Гэта можна патлумачыць тым, што сярод менскіх удзельнікаў імаверна была большая колькасць тых, хто ўпершыню бег на такую дыстанцыю, а з іншых гарадоў у сталіцу выбіраліся ўжо падрыхтаваныя спартоўцы.

Жанчыны 30+ паказалі клас

Фота bfla.eu

З афіцыйных вынікаў мы можам рабіць высновы пра тое, як на паўмарафоне давалі рады бегуны ў розных узроставых катэгорыях ды паводле полу. І тут ёсць свае рэкорды і цікавінкі.

Катэгорыі 2017 год 2016 год
Жанчыны, узроставыя групы і медыянны час
18-29 
02:14:02
02:03:54
30-39
02:11:36
01:59:58
40-49
02:16:22
01:53:22
50-59
02:04:10*
02:05:17
60-69
01:48:44
02:17:59
70+
01:57:44*

* – “Фэйкавыя” вынікі

У групе «жанчыны 30-39» медыянны час (гэта паказнік, з якім бяжыць «сярэднячок» групы) на две з паловай хвiлiны лепшы, чымся ў маладзейшых суперніц. А вось у мужчын медыянны час падобны ва ўсіх трох узроставых групах.

Катэгорыі 2017 год 2016 год
Мужчыны, узроставыя групы і час
18-29 
01:56:40
01:47:11
30-39
01:56:24
01:47:48
40-49
01:57:04
01:47:58
50-59
02:00:35
01:46:46
60-69
02:08:06
01:55:58
70+
02:19:35



02:02:20

З пункту гледжання лічбаў, найбольш цікавая «жаночая» табліца. Але і там не абышлося без падвоху.

У катэгорыі «жанчыны 70+» – выбітныя вынікі, але апынулася, што абедзве ўдзельніцы – далёка не пенсіянеркі.

Праз збой сістэмы, або праз кепска запоўненую анкету, у гэтую катэгорыю трапілі бягунні 1985 г.н. Арганізатары праверыць аўтэнтычнасць узросту, відаць, паленаваліся.

Падобная сітуацыя ў катэгорыі 50-59: нам удалося пацвердзіць правільнасць указанага ўзросту ў адной з трох заяўленых бягунняў, яшчэ адна, мяркуючы па фота, відавочна маладзейшая.

А вось з катэгорыяй 60-69 у жанчын усё слушна: адзіная ўдзельніца, што прыйшла да фінішу з вынікам 01:48:44 (гэта лепш, чымся медыяна любой мужчынскай групы) – беларуская лёгкаатлетка Алена Цухло, якая 31 раз перамагала ў марафонах.

У ейнай узроставай катэгорыі, але сярод мужчын, перамог Васіль Лябедзкібягун-аматар, які да пенсіі працаваў машыністам. На менскім паўмарафоне ён абагнаў больш за 1,5 тысячы маладзейшых за яго мужчынаў!

Амбіцыёзныя і… абязводжаныя

Фота bfla.eu

А цяпер – лыжка дзёгцю, і не адна.

Мы аналізавалі медыянныя значэнні і паглядзеўшы на іх, цяжка не заўважыць, што сёлета абсалютна ва ўсіх узроставых катэгорыях (акрамя «фейкавых», як жаночая 70+) вынікі горшыя, за леташнія. Што адбылося?

Можна было б гэта патлумачыць тым, што ўдзельнікаў сёлета больш і, магчыма, больш непадрыхтаваных бегуноў. Але гэта толькі адгаворка, бо памылкі арганізатараў немагчыма не заўважыць: пра гэта пішуць у сацыяльных сетках і ў медыях.

Старт напярэдадні спаборніцтва быў перанесены на 12:30, калі слупкі тэрмометру былі на ўзроўні 23-25 градусаў. Пры гэтым відаць, што асфальт яшчэ мокры ад дажджу: у такі час парыць і душна.

Але найгоршы і найвялікшы правал – забеспячэнне вадою.

На сярэдзіне (!) дыстанцыі бегуны атрымлівалі моцнагазаваную (!!!) ваду ад спонсараў-вытворцаў «Славная». Але нават яе бракавала.

«Асноўнаю праблемаю марафону быў востры недахоп вады! З болем і шкадаваннем я глядзела на атлетаў, што цярпяць на дыстанцыі 21 км», – піша блогерка і вядоўца Анна Бонд.

Наступная кропка – ужо на фінішы, са звычайнай вадой і ў вельмі абмежаванай колькасці. Удзельнікі распавядаюць у сацсетках, як па ваду выстройваліся чэргі, як адпіўшы глыток спартоўцы перадавалі бутэльку іншаму, або… налівалі ў далоні і пілі па глытку-два. Уявіць штосьці падобнае на спаборніцтвах хаця б у нашых суседзяў у Польшчы ці Літве – немагчыма.

Музычная суправаджэнне было падабранае неадназначнае, напрыклад, ваенныя песні часоў Айчыннай вайны. Да гэтага дадаецца хаос у рэгістрацыі і ўліку ўдзельнікаў і… «прынудзілаўка».

Удзельнікі паўмарафону скардзяцца, што ім даводзілася наганяць удзельнікаў забегу на 5 кіламетраў, у тым ліку студэнтаў і працаўнікоў, якіх скіравалі бегаць «прымусова-добраахвотна». Многія з іх сваю дыстанцыю ішлі пешшу, перашкаджаючы бегунам.

 

«Неадэкватная вадзічка» ў спонсарах

Выява з акаўнту вытворцы вады “Славная”

На хібах у арганізацыі справа не скончылася. Разгарэўся скандал з удзелам аднаго са спонсараў – вытворцам вады «Слаўная». У сацыяльных сетках на акаўнце кампаніі з’явілася сэксісцкая і далёкая ад добрага густу выява, на якой бачна, як жанчына стаіць на каленях, а мужчынская рука, сціскаючы на ўзроўні ейнага твару бутэльку, пырскае вадой. Неўзабаве выяву выдалілі, але таксама пачалі выдаляць і каментары «няўгодных» карыстальнікаў.

Тых жа, хто скардзіўся на недахоп вады на паўмарафоне, з падстаўных акаўнтаў «пераконвалі» ў адваротным.

Хваля абурэння набірала абароты, у сацсетках з ініцытывы жанчын з’явіліся пасты на тэму, чаму трэба байкатаваць «Славную».

Можа, Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі варта звярнуць увагу на тое, з кім яны супрацоўнічаюць, арганізоўваючы Менскі паўмарафон? «Славная» на мінулым тыдні паабяцала карыстальнікам «Фэйсбуку» апублікаваць афіцыйныя тлумачэнні, але на час падрыхтоўкі публікацыі яны так і не з’явіліся.

Маўчыць і Федэрацыя – на сайце выключна аптымістычныя публікацыі пра тое, якой файнай атрымалася імпрэза. Спартоўцы, якія цярпелі ад спякоты і браку вады прабачэнняў не дачакаліся. Як і гарантый, што праз год Менскі паўмарафон не пераўтворыцца ў забег «па тых самых граблях».

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў