Рэкі змялелі, як ніколі, а Беларусь рызыкуе застацца без бульбы


Ад высокіх тэмператур сёлета змялелі рэкі, перасохлі студні, пад рызыкай апынуўся ўраджай сельскагаспадарчых культур. Калі мы не зменім свайго спажывецкага стаўлення да роднай прыроды, у наступныя гады можа быць яшчэ горш, мяркуюць адмыслоўцы.

Беларусь перад пагрозаю глабальных змяненняў клімату

За апошні час беларусы ўжо прызвычаіліся да слова «анамальны» у дачыненні да надвор’я, да памаранчавых, а цяпер ужо і чырвоных узроўняў небяспекі. Вось і гэтае лета пабіла шматгадовыя тэмпературныя рэкорды. Наколькі такая спёка сапраўды анамальная для Беларусі, што сталася яе прычынай, якія наступствы яна выклікае?

Паводле ўдзельніка экалагічнага таварыства «Зялёная сетка», сябра грамадскага аб’яднання «Экадом» Ігара Куталоўскага, шматгадовыя назіранні паказваюць, што спякотныя дні з тэмпературай паветра +30 і вышэй былі ў Беларусі і раней. Аднак да 1990 года гэтыя кароткачасовыя анамаліі былі рэдкімі і здараліся не часцей, чым раз на дзесяць год. А вось у апошнія гады даволі працяглыя перыяды спёкі вышэй за +30 назіраюцца практычна кожнае лета. Для нашага ўмерана кантынентальнага клімату гэта ненармальная і трывожная з’ява, зазначае спадар Куталоўскі.

«Беларусь, як і іншыя краіны свету, сутыкаецца з глабальнай праблемай змянення клімату», – кажа адмысловец.
Найбольш грознае для нас, паводле спадара Куталоўскага – зніжэнне сярэднегадавой колькасці ападкаў і павелічэнне частаты засухаў. Пры гэтым рэзка падае вільготнасць паветра. Пры норме для нашых мясцін у 60-80% вільготнасць апускаецца ніжэй за 30%. У гэткіх умовах не расце лес, падае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Беларусь рызыкуе застацца без бульбы

Ігар Куталоўскі ўзгадвае, што леташняя восень была нязвыкла сухая, а зіма – амаль без снегу. Рэкі ў выніку сёлета змялелі як ніколі. У некаторых вёсках Беларусі людзі ўпершыню ў жыцці сутыкнуліся з нястачай пітной вады – перасохлі студні. Паступалі такія звесткі ад жыхароў Случчыны, вёсак Гомельскай вобласці.

Высокія тэмпературы сталі прычынай значнага высыхання глебы па ўсёй краіне. Пад пагрозай апынуўся ўраджай бульбы.

Аграметэаролагі зазначаюць, што тэмпература глебы ў гарачыя тыдні на глыбіні 10 сантыметраў была вышэйшай за аптымальныя значэнні на 5-10 градусаў і дасягала нават +29 С. А гэта вельмі дрэнна ўплывае на рост клубняў. Уладальнікі прыватных гаспадарак кажуць, што бульба сёлета «гарыць», а тая, што вырастае, вельмі мелкая.

Не ўратуе і спад спёкі, што абяцаюць сіноптыкі ўжо з гэтых выходных. Адмыслоўцы кажуць, што ўмовы для нармальнага росту бульбы застануцца складанымі, бо шмат дзе па краіне захаваецца засуха на глебе.

Ад спёкі павяла бацвінне сахарных буракоў, жаўцее і сохне кукуруза.

У Аршанскім і Валожынскім раёнах былі зафіксаваныя ўзгаранні палёў з пшаніцай і камбайнаў падчас уборкі. Агнём была знішчана частка пасеваў.

Змялелі беларускія рэкі. Паводле дадзеных Гомельскага аблгідрамету, гістарычныя мінімумы ўзроўню вады зафіксаваныя на Дняпры, Бярэзіне, Сажы, Прыпяці. Гэта стварае праблемы для рачнога транспарту. На Дняпры падзенне вады склала -23 сантыметры. Гэта рэкорднае абмяленне з 1876 года. Такія ж «рэкорды» зафіксаваныя на Дзвіне і Бузе.
З-за нястачы вады на Дняпроўска-Бужскім канале каля Кобрына яшчэў ліпені спынілася міні-гідраэлектрастанцыя.

Асушэнне балот знішчыла «прыродны кандыцыянер» Беларусі

Сусветныя негатыўныя кліматычныя працэсы, на думку спадара Куталоўскага, былі б мякчэйшымі і не так адчувальнымі, калі б прырода Беларусі не цярпела ад вырубкі лясоў і асушэння балотаў. У сярэдзіне 18 стагоддзя лясістасць Беларусі дасягала 74%, а балоты яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя займалі каля 20% тэрыторыі краіны, кажа адмысловец. Цяпер жа агульная плошча асушаных зямель – 16,4%. Ігар Куталоўскі кажа, што ў выніку асушэння яшчэ 15 год таму Беларусь згубіла каля 7,5 мільярдаў тон вады. Прыблізна столькі (6-7 км3, ці 6-7 млрд тон) утрымліваюць усе азёры Беларусі. А ў выніку дэградацыі тарфяных глебаў і пажараў у атмасферу трапіла вялізная колькасць парніковага вуглякіслага газу.

«Так быў знішчаны своеасаблівы «прыродны кандыцыянер», які рабіў клімат Беларусі камфортным і ўстойлівым да неспрыяльных знешніх уздзеянняў», – кажа эксперт.

Наш суразмоўца падкрэслівае – важна зразумець, што разбурэнне натуральных экасістэм вядзе да дэградацыі механізма прыроднай рэгуляцыі клімата. Прыдатнае для жыцця чалавека наваколле ствараецца і ўстойліва падтрымліваецца менавіта натуральнымі, не парушанымі чалавекам экалагічнымі сістэмамі – жывой прыродай. Штучныя біялагічныя сістэмы (палі, пашы, лясы ў эксплуатацыі) ня могуць падтрымліваць устойлівасць наваколля. Наадварот, яны дзейнічаюць як дэстабілізатары. І тады пачынаюцца рознага роду прыродныя катаклізмы.

«Менавіта таму экалагічная бяспека мусіць мець найвышэйшы прыярытэт у сацыяльна-эканамічным развіцці грамадства і ў дзяржаўнай палітыцы», – зазначае эксперт.

Паводле спадара Куталоўскага, мы мусім аднаўляць асушаныя балоты, ствараць сістэму ахоўных лесапалос, захоўваць біялагічную разнастайнасць і падвышаць азеляненне гарадоў.

«Але, на жаль, у нас зараз пераважае палітыка вузкіх эканамічных інтарэсаў. Дзеля імгненных прыбыткаў пагражаюць забудовай водна-зялёнаму дыяметру Менску, зноў кажуць пра чарговае асушэнне беларускіх балот, імкнуцца змяніць Лясны кодэкс, вырубаюць прыдарожныя лясныя палосы. Наступствы такой палітыкі не прымушаюць сябе чакаць», – рэзюмуе адмысловец.

Данута Бароўская,  belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары