Рэканструкцыя стадыёну «Дынама» скончыцца ў снежні


Пакуль працы вядуцца «згодна з графікам».

Уладзімір Бублік, гендырэктар «Будтрэсту № 1» у размове з віцэ-прэм’ерам беларускага ўраду Анатолем Калініным заявіў, што працы па рэканструкцыі менскага стадыёна «Дынама» вядуцца згодна з графікам.

У нарадзе на будаўнічай пляцоўцы ўзялі ўдзел міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, намеснік старшыні Менскага гарвыканкаму Віктар Лапцеў, віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Анатоль Калінін. «Белапан» падае, што апошні атрымаў справаздачу па тэрмінах здачы аб’екту.

«Працы вядуцца згодна з графікам, ёсць невялікія замінкі з пастаўкай металаканструкцыяў на абʼект. Плануем ліквідаваць гэтую праблему на працягу лютага, – дадаў кіраўнік будовы Аляксандр Лашч. – Мантаж падстрэшка над трыбунамі плануем завяршыць да сярэдзіны лета».

Лёгкі і трывалы дах з алюмінію створыць навес, пад якім будзе знаходзіцца каля 70% месцаў для гледачоў. Усяго стадыён змесціць каля 22 тыс. гледачоў.

Пры рэканструкцыі захоўваецца гістарычная частка стадыёна, у тым ліку аркада з боку вуліцы Кірава. Плануецца, што стадыён «Дынама» адкрыецца сёлета ў снежні. У 2019-м на ім пройдуць цырымоніі адкрыцця і закрыцця другіх Еўрапейскіх гульняў.

Стадыён «Дынама» зачынілі на рэканструкцыю ў 2012-м. Яе мелі скончыць да канца 2014-га, але тэрміны некалькі разоў пераносіліся.

Жыхароў сталіцы адсутнасць паўнавартаснага нацыянальнага стадыёну турбуе: адзін з менчукоў гатовы быў б запытаць пра гэта Лукашэнку на заўтрашняй «Вялікай размове з прэзідэнтам».

ДД

Стужка навінаў