Рэканструктар зброі з Горадні зладзіў у аўтамайстэрні склад боепрыпасаў


zbroa4

Знойдзеныя патроны

Следчы камітэт распавёў пра склад боепрыпасаў, выяўлены ў Горадні.

У якасці складу выкарыстоўвалася аўтамайстэрня, якую беспрацоўны гарадзенец арандаваў у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Гарадзенскі», што знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтру.

Чытайце таксама >>> «Чорнакапацель», зброя, сюжэт «Белсату» і пагрозы забраць дзяцей. Заблытаная правінцыйная гісторыя

Там праваахоўнікі 22 лістапада знайшлі і канфіскавалі дзве міны, 19 гранатаў, 4 тратылавыя шашкі, тратыл, 3 гранатамётных выстралы, ствол і магазін да кулямёту Дзегцярова, больш за 600 патронаў да розных відаў зброі, самаробныя арбалет, меч і інш.

zbroa2

У гэтым будынку знаходзіўся склад боепрыпасаў

Акрамя таго па месцы жыхарства 28-гадовага падазраванага знойдзены і канфіскаваны металашукальнік, які выкарыстоўваўся ім для правядзення пошукавых працаў.

«Мужчына затрыманы па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. Следчыя высветлілі, што падазраваны валодае пэўнымі ведамі ў гісторыі і збройнай справе, здольны самастойна рамантаваць небяспечныя знаходкі. Нажы, меч і арбалет асабіста вырабіў у хатніх умовах», – распавёў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў.

Цяпер усталёўваюцца месцы, дзе падазраваны праводзіў раскопкі.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, фотаздымкі Следчага камітэту

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары