Рэканструкцыю гістарычнага помніка ў Берасцейскай крэпасці робяць з дапамогай сучаснай цэглы


У Берасцейскай крэпасці пачалася рэканструкцыя руінаў езуіцкага калегіума. Помнік, які ахоўваецца дзяржавай, «рэканструюецца» з дапамогай сучаснага цэглы Гарынскага камбінату будаўнічых матэрыялаў. Эксперты лічаць, што такі метад рэканструкцыі проста не дапушчальны.

«Да захопу Расейскай імперыяй Берасцейшчыны на гэтым месцы знаходзіўся калегіум езуітаў, які існаваў з XVII стагоддзя да сярэдзіны XIX стагоддзя, – распавёў «Белсату» прадстаўнік «Руху за свабоду» з Берасця Дзяніс Турчаняк. – Расейскія вайскоўцы канфіскавалі будынак, перабудавалі і выкарыстоўвалі для вайсковых патрэбаў. Ужо ў савецкі час, пры пабудове мемарыялу «Крэпасць-герой» частку будынку знеслі, таму што на гэтым месцы вырашылі будаваць галоўны манумент Берасцейскай крэпасці».

У любым выпадку разваліны ды наагул уся Берасцейская крэпасць – гэта гістарычны помнік, які мусіць ахоўвацца дзяржавай.

«Я пакуль не ведаю дэталяў, але з убачаных мною фотаздымкаў вынікае, што правядзенне рэканструкцыі падобным чынам недапушчальнае, – заўважыў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч – Усё ж гэта помнік XVII-XVIII стагоддзяў, і праводзіць работы гэткім чынам проста ненармальна. Але мы ўжо не раз пераконваліся, што ў Беларусі бывае і не такое. У бліжэйшы час займуся гэтым пытаннем ушчыльную».

[vc_single_image image=”368387″ img_size=”large”]

А вось дырэктар Берасцейскай крэпасці Рыгор Бысюк не бачыць у падобнай рэканструкцыі нічога заганнага:

«Вы ж бачыце, у якім стане руіны, мы мусім усё ўмацаваць і кансерваваць, інакш у хуткім часе нічога наагул не застанецца. У крэпасці шмат чаго трэба зрабіць, але грошай не хапае. Я разумею, што гэта цэгла выглядае не эстэтычна, але гэта найлепшы варыянт з тых, што ў нас маюцца. Працы праводзяць нашыя спецыялісты, яны лічаць, што гарынская цэгла адна з самых найлепшых. Плануем скончыць працы да канца верасня, тады ўсё будзе выглядаць інакш», – распавёў журналістам дырэктар Берасцейскай крэпасці.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў