Рэканструкцыя па-беларуску: пластыкавыя вокны ў палацы пачатку XX ст.


Шчучынскі палац Друціх-Любецкіх 2015 г.

Пластыкавыя вокны ды сучасныя ўключальнікі святла з новымі падвяснымі столямі. Вялікая колькасць рознакаляровай кафлі, не вытрыманай у адным стылі, – так выглядае Шчучынскі палац Друціх-Любецкіх пасля рэканструкцыі, якую, на першы погляд, больш выпадае назваць рамонтам.

Мясцовыя жыхары ды аматары гісторыі адмоўна выказваюцца пра змены ў выглядзе палацу, а гісторыкі зазначаюць: шанец на паспяховае аднаўленне гістарычнай каштоўнасці ёсць. Прабрацца на аб’ект, які нібыта ахоўваецца, не складае праблемаў. Кожны ахвотны можа свабодна прыхапіць з сабой пакінутыя будаўнікамі матэрыялы, элементы дэкору і тэхніку.

Дар’я і Віктар – маладая пара з Горадні, ужо былі тут да пачатку рэстаўрацыі. Гэтым разам яны выпадкова трапілі ў Палац: праязджалі побач і ўбачылі адсутнасць дзвярэй.

Маладзёны абураюцца: «Знішчылі прыгожыя барэльефы над дзвярыма і парадныя ўсходы, якія ўпрыгожвалі палац раней, і гэта толькі з таго, што кідаецца ў вочы адразу!» – распавядае Віктар. Спадарожніца хлопца Дар’я дадае: «Палац знявечылі. Можа быць, усё не так страшна, і мы проста бачылі неканчатковую рэстаўрацыю. Але я мяркую, што ў Беларусі не ўмеюць слушна рэстаўраваць помнікаў культуры!».

Сяргей Харэўскі – выбітны беларускі культуролаг, гісторык і мастацтвазнаўца, які назірае за лёсам будынку ўжо 30 гадоў: «Будзем меркаваць толькі пасля заканчэння работы. Мы ж не каментуем працы хірургаў у працэсе аперацыі! Перапланіроўка нязначная. Муры стаяць, фрагменты інтэр’еру захаваныя. Галоўнае на сёння – каб будаўнікі з праектавальнікамі не сталі рабіць там саматужную «отсебятину». Не трэба прыўносіць у высакародную, рацыянальную гармонію нічога лішняга! Інакш рэстаўрацыя стане «еўрарамонтам», як адбылося з палацам Пацёмкіных-Галіцыных у Крычаве».

Шчучынскі палац Друціх-Любецкіх 2011 г.

Шмат хто з гісторыкаў адзначалі сёлета: гэты палац – адзін з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Беларусі. Добра ўмацаваныя падмуркі, няблага адноўленыя аўтэнтычныя дэталі, ляпніна.

«Пакуль тое, што я бачу, асаблівых пытанняў не выклікае. За выключэннем бетонных перакрыццяў, але і яны могуць быць апраўданыя, калі дазваляе трываласць нясучых муроў. Плітку кладуць больш-менш адпаведную аналагам. Адносна пластыкавых вокнаў і кафлі магу сказаць, што арыгінальныя былі даўно разбураныя! З’явяцца сродкі ў будучыні – памяняем». – дадае беларускі гісторык.

Палац Друцкіх-Любецкіх пабудавалі ў 1900 годзе. Гэта двайнік палацу Малы Трыянон, рэзідэнцыі французскіх каралёў. Князь Ксаверый Друцкі-Любецкі, вярнуўшыся з Францыі, пастанавіў перанесці атмасферу Вэрсалю ў беларускую рэчаіснасць. Унікальны будынак княскага палацу ў стылі чыстага класіцызму раней выконваў функцыі гарнізоннага Дому савецкіх афіцэраў. Стараннямі мясцовых уладаў палац летась перадалі на баланс аддзелу адукацыі Шчучынскага райвыканкаму. Рэстаўрацыю распачалі ў 2011 годзе і мусяць скончыць перад Днём беларускага пісьменства, які горад прымае сёлета.

Гарась Валатовіч, belsat.eu

Стужка навінаў