Рэйтынг «Рэпарцёраў без межаў»: Беларусь блізкая да краінаў з цалкам несвабоднай прэсай


У рэйтынгу свабоды прэсы нашая краіна захавала пазіцыі і зноў заняла 153-е месца сярод 180 краінаў свету. Міжнародная арганізацыя назвала артыкул пра Беларусь «Ілжывая адліга».

«Рэпарцёры без межаў» звярнулі ўвагу на брутальныя затрыманні падчас акцый пратэсту ў лютым і сакавіку сёлета.

«У спробе аслабіць расейскую ўладу над Беларуссю і выйсці з эканамічнага крызісу рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе наблізіцца да міжнароднай супольнасці і сцерці свой вобраз «апошняй дыктатуры Еўропы. Аднак акрамя вызвалення палітычных зняволеных, нічога не змянілася. Пазаштатныя журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ, заснаваных за мяжой, не могуць атрымаць акрэдытацыю і іх пераследуюць судовыя органы. Праз боязь дэстабілізацыі сітуацыі, звязанай з украінскім крызісам, улады арыштоўвалі прарасейскіх і антырасейскіх блогераў. Вельмі мала журналістаў арыштавалі альбо зазналі гвалт у 2016-ым годзе. Аднак зацішша скончылася ў сакавіку 2017 году, калі беспрэцэдэнтная хваля пратэстаў прывяла да вялікага разгону», – адзначаецца ў апісанні.

Суседзі Беларусі па рэйтынгу: Эфіопія, Сінгапур і Свазілэнд (150-152 месцы), Турэччына, Брунэй і Дэмакратычная Рэспубліка Конга (154-156).

Сярод геаграфічных суседзяў лепшыя вынікі ў Латвіі (28-ае месца), Літвы (36-ае), Польшчы (54-ае), Украіны (102-е). Расея знаходзіцца на 148-ым месцы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў