Рэформы ўзамен на крэдыты: быць ці не?


Дзяржава абяцае больш свабоды менеджарам у кіраванні, у той жа час адмыслоўцы не вераць у «радыкальныя рэформы».

Дзяржава зменіць падыход да кіравання дзяржпрадпрыемствамі, даўшы менеджменту больш свабоды ў кіраванні. Пра гэта намеснік старшыні Нацбанку Тарас Надольны распавёў на расейскім нацыянальным банкаўскім форуме, які праходзіць цяпер у Менску.

Адпаведную праграму, разлічаную на пяць гадоў, пачынаючы з 2016-га, дапрацоўваюць цяпер Нацбанк і Савет Міністраў. Адмыслоўцы канстатуюць, што існы крызіс у эканоміцы робіць структурныя рэформы першачарговаю праблемаю.

«Трэба сурёзна мяняць сістэму кіравання, перадаваць паўнамоцтвы на рэгіёны, на ніжнія паверхі», – адзначае Уладзімір Арцюгін з выдання «Валютное регулирование и ВЭД».

[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=FKv7L_o3Qqc”][/vc_column][/vc_row]Структурных рэформаў ад Беларусі патрабуюць і патэнцыйныя замежныя крэдыторы – Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ды Міжнародны валютны фонд. Сёння амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што еўразійскі крэдыт Менск, хутчэй за ўсё, атрымае. Раней кіраўнік місіі еўразійскага фонду Алішэр Мірзоеў паведаміў «Белсату», што ў межах новай праграмы ўлады Беларусі паабяцалі налета «масавую лібералізацыю коштаў і рынкаў». Але адмыслоўцы ставяцца да гэтых планаў скептычна.

«Думаю, што ні аб якіх структурных рэформах размовы не ідзе. Лукашэнка сказаў, што ніякіх капіталістычных рэформаў у краіне ён не дапусціць», – заўважае эканаміст Леў Марголін.

Леў Марголін спасылаецца на досвед дырэктывы нумар 4 (2010-га года). Гэтая ды шэраг іншых ініцыятываў ураду, накіраваных на павелічэнне эфектыўнасці эканомікі, у выніку, былі згорнутыя, бо натыкаліся на супрацьдзеянне з боку кіраўніка краіны.

«Усялякія радыкальныя рэформы – яны пагражаюць рэжыму персанальнага кіравання Аляксандра Лукашэнкі», – працягвае Леў Марголін.

Паводле адмыслоўцаў, апытаных «Белсатам», з крокаў, абяцаных міжнародным крэдыторам, урад, хутчэй за ўсё, часткова адпусціць налета кошты ды працягне палітыку абмежавання крэдытаў ды заробкаў. Апрача таго, будзе набіраць абароты працэс звальнення працоўных з прадпрыемстваў.

Адмыслоўцы нагадваюць: улады Беларусі абяцаюць структурныя рэформы ў часе кожнага крызісу, дамагаючыся грошай ад міжнародных крэдытораў. Але, атрымаўшы некалькі траншаў стабілізацыйнай праграмы, афіцыйны Менск абяцаныя захады згортвае.

Станіслаў Івашкевіч

Стужка навінаў