Рэферэндум у Турцыі: пасада прэм’ера можа знікнуць, Эрдаган зможа кіраваць да 2029-га


Мужчына бярэ ўдзел у рэферэндуме 16 красавіка ў адным з раёнаў Стамбулу. Фота: Alkis Konstantinidis / Reuters

Плебісцыт ініцыяваў прэзідэнт краіны.

У Турцыі пачаўся канстытуцыйны рэферэндум, вынікі якога могуць пераўтварыць краіну з парламенцкай рэспублікі ў прэзідэнцкую. Рэформа прадугледжвае сур’ёзнае пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта:

  • пасада прэм’ер-міністра знікае, прэзідэнт асабіста прызначае міністраў;
  • прэзідэнт мае права распусціць парламент;
  • прэзідэнт можа аб’яўляць у краіне надзвычайнае становішча;
  • прэзідэнт прызначае 12 з 15 суддзяў Канстытуцыйнага суда.

У выпадку прыняцця рэформы Эрдаган зможа кіраваць Турцыяй да 2029 года. У 2019 годзе адбудуцца выбары, тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў – пяць гадоў, адзін чалавек можа займаць гэтую пасаду два тэрміны запар. Цяперашні тэрмін Эрдагана (ён кіруе Турцыяй з 2014-га) абнуліцца, бо выбары пройдуць паводле новага закону.

Evet – «так», Hayir – «не». Фота: Umit Bektas / Reuters

Разрыў паміж прыхільнікамі і праціўнікамі такой ідэі мінімальны.

«Вы мусіце зразумець, што Турцыя – дэмакратычная краіна. Турэцкая дэмакратыя адужэе пасля 16-га красавіка. Вы гатовыя да гэтага? Вынік рэферэндуму станецца выбарам народу. Мы мусім паважаць і тых, хто кажа «так», і тых, хто кажа «не», – заявіў Эрдаган.

Падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму турэцкі прэзідэнт пасварыўся з еўрапейскімі лідарамі. Эрдаган спадзяваўся, што рэформу падтрымаюць туркі, якія знаходзяцца за мяжой. У краінах Заходняй Еўропы пражываюць некалькі мільёнаў выхадцаў з Турцыі, якія захавалі турэцкае грамадзянства і могуць удзельнічаць у галасаванні.

Улады Аўстрыі, Галандыі і Нямеччыны не ўзрадаваліся ідэі Эрдагана, і забаранілі дэманстрацыі. У адказ Эрдаган назваў галандцаў – фашыстамі, а Нямеччыну – Трэцім Райхам.

ДД

Глядзі таксама
Каментары