Рэферэндум у 2018? Лукашэнка распачынае новую палітычную кампанію – эксперты


Святлана Калінкіна

Чаму Лукашэнка ізноў загаварыў пра $ 500? Эксперты кажуць пра магчымы пачатак новай палітычнай кампаніі кіраўніка Беларусі.

Журналістка Святлана Калінкіна мяркуе, што $ 500 – прыгожая карцінка, якую ўлады выстаўляюць грамадству, забыўшыся, што «ужо даўно, згодна абяцанням, у нас павінна было быць $ 1000 заробку»:

«Гэта сведчыць пра тое, што ўлады ведаюць, што людзі вельмі і вельмі незадаволеныя тым, што яны маюць сёння. І паколькі ўжо гаварылася, што ў Канстытуцыю будуць уносіцца нейкія змены – прынамсі Лукашэнка сам паведаміў, што ёсць такія планы – гэта можа сведчыць пра пачатак новай палітычнай кампаніі», – заявіла журналістка Святлана Калінкіна ў каментары «Белсату».

Разам з тым «невядома, што падкладуць у Канстытуцыю пад абяцаныя грошы», адзначыла Святлана Калінкіна.

«Нават калі не будзе палітычнай кампаніі, рэферэндуму, змены Канстытуцыі, могуць проста ўключыць друкавальны станок і зноў разагнаць інфляцыю. І гэта таксама будзе дрэнная навіна. Але наш народ ужо не такі дурны: гледзячы на рэакцыю людзей, разумею, што не спрацоўвае гэтае абяцанне пра $ 500», – заўважыла Святлана Калінкіна.

Віталь Цыганкоў пракаментаваў заявы Лукашэнкі

У сваю чаргу палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў выказаў сваю версію таго, чаму Лукашэнка загаварыў пра «500 долараў заробку»:

«Гледзячы на тое, што афіцыйная лічба заробку патрошку расце, а цэны растуць хутчэй, то атрымліваецца, што прыбыткі насельніцтва падаюць на даволі істотную суму. І тут трэба даць нейкую ззяючую перспектыву, нейкую надзею».

Таксама Віталь Цыганкоў паразважаў пра магчымы пачатак новай палітычнай кампаніі Лукашэнкі:

«Калі зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка быў у Магілёве, дзе сустракаўся з працаўнікамі прадпрыемства «Хімвалакно», ён неаднаразова казаў, што «мы павінныя зрабіць Магілёў прыгожым да 2020 года». Потым ён казаў тое ж самае не толькі пра Магілёў, але і пра іншыя гарады. Што будзе ў 2020 годзе? Новыя прэзідэнцкія выбары. Не ведаю, ці сапраўды Аляксандр Лукашэнка ўжо зараз пачынае прэзідэнцкую кампанію, ці ёсць бліжэйшая, «тактычная» мэта: кажуць пра магчымы рэферэндум у 2018 годзе. Пакуль гэта толькі спекуляцыі, няма ніякай канкрэтнай інфармацыі ад органаў улады. Але, безумоўна, што гэтае пажаданне заробку ў $ 500 звязанае з нейкімі палітычнымі мэтамі».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў