Супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол на Святлану Цішко (на фота). Журналістку вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34).
Прэтэнзіі міліцыі заключаюцца ў тым, што інфармацыйны сайт паведамляў пра падрыхтоўку несанкцыянаванай акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3, якая адбылася ў мінулую пятніцу ў Маладзечне.
Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што размясціўшы такую інфармацыю рэдактар сайта заклікала грамадзянаў да ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу. Святлана Цішко перакананая, што ніякім чынам не парушала заканадаўства і нікога не заклікала нікуды выходзіць.
«Гэта быў звычайны інфармацыйны матэрыял пра тое, як у горадзе рыхтуюцца да акцыі, напярэдадні якой цэнтральную плошчу Маладзечна нават абнеслі агароджай», – расказала Святлана прэс-службе baj.by.
Паводле супрацоўнікаў міліцыі, пратакол супраць Святланы Цішко перададзены ў суд.