Рэдактар TUT.BY распавёў пра шантаж з боку Следчага камітэту


Дзмітрый Бобрык. Фота з «Фэйсбуку» журналіста

Журналіста змусілі падпісаць паперу аб супрацы, пагражаючы ягонай сям’і.

Рэдактар старонкі Finance.tut.by Дзмітрый Бобрык прызнаўся ў Фэйсбуку, што пасля трохгадзіннага допыту ў Следчым камітэце па «справе БелТА» 7 жніўня ён падпісаў дамову аб супрацы.

«Менавіта ў будынку СК, дзе мяне пратрымалі да позняга вечара, я дазволіў сабе праявіць слабасць, збаяцца», – напісаў Дзмітрый.

Бобрык паведаміў, што ў ягоны адрас і адрас ягоных блізкіх паступалі прамыя пагрозы.

«Спачатку мне паабяцалі раскрыць дэталі асабістага жыцця, калі адмовіцца ад супрацы. А скончылася пагрозамі ў адрас родных, якія могуць пацярпець. Тут мяне закалаціла, мне пагражалі самым важным у жыцці. Я напісаў паперу аб супрацы», – напісаў журналіст.

8 жніўня 2018 года. Офіс Tut.by падчас вобшуку па «справе БелТА». Фота – Viktor Drachev/TASS

Паводле Бобрыка, ён адразу зразумеў, што супрацоўнічаць не зможа.

«Не змагу пасля гэтага глядзець на сябе ў люстэрка», – піша Бобрык.

Адразу пасля гэтага журналіста са статуса сведкі перавялі ў статус падазраванага. Бобрык прызнаецца, што пасля гэтага ціск на яго ўзмацніўся.

«Мне агідна ад таго, што не хапіла мужнасці, седзячы ў СК, адмовіцца ад супрацы. Трохі супакойвае толькі тое, што хапіла сіл па факце не рабіць гэтага», – дадае Дзмітрый.

7 і 8 жніўня Следчы камітэт зладзіў ператрусы ў офісах Tut.by і БелаПАН, і ў кватэрах некалькіх супрацоўнікаў гэтых медыяў. Следчыя распачалі крымінальную справу аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага рэсурсу «БелТА». Ім пагражае да двух гадоў зняволення.

27 жніўня стала вядома, што Следчы камітэт забараніў Дзмітрыю Бобрыку і іншым падазраваным у гэтай справе выязджаць за мяжу.

На пачатку верасня следчых, якія вядуць «справу БелТА», Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку».

ДД

Стужка навінаў