«Рэальны прагрэс»: Захад ды Іран дамовіліся аб ядравай праграме


Пасля пакутлівых перамоваў, якія цягнуліся амаль два гады, «шасцёрка» (ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Расея) ды Іран дасягнулі пагаднення ў ядравай праграме. У Вене цяпер сабраліся міністры замежных справаў краінаў-удзельніц перамоваў.

На дамову імгненна адрэагаваў расейскі валютны рынак: за некалькі хвілінаў падаражэлі долар і еўра. На сыравінным рынку асцерагаюцца, што зняццё эмбарга можа абрынуць кошты на «чорнае золата». Тым не менш, паводле экспертаў, «шэры» нафтавы экспарт з іранскай дзяржавы і так быў досыць вялікі, таму ў доўгатэрміновым плане можна спадзявацца і на рост цаны.

Чаго чакаць

У абмен на адмену эканамічных санкцыяў ісламская краіна абавязваецца цягам 15 гадоў не праводзіць навуковых распрацовак для перапрацоўвання ядравага паліва і пагаджаецца пусціць назіральнікаў з Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) на свае сакрэтныя ядравыя аб’екты.

Што праўда, умовы дасягнення застаюцца расплывістыя: інспектары не змогуць з’яўляцца ў любы час у любым месцы. Правяральнікі мусяць абгрунтоўваць мэты сваіх візітаў.

Небяспечная дамова

Апроч гэтага, з Ірану часткова здымуць забарону на гандаль сваёй зброяй, што дазволіць прадаваць яе саюзнікам, у тым ліку «Хізбуле». Таму пагадненнем вельмі не задаволеныя ў Ізраілі, дзе лічаць дамову небяспечнаю і называюць яе «гістарычнай капітуляцыяй» Захаду перад Іранам.

Паводле прэм’р-міністра Бэньяміна Нэтаньягу, гэта «дрэннае пагадненне для ўсяго свету».

«Іран атрымае сотні мільярдаў долараў, якія зможа накіраваць на падтрыманне тэрору ўва ўсім свеце».

Пацяпленне паміж Захадам ды Іранам пачаліся пасля выбараў прэзідэнта-рэфарматара Хасана Рухані, які адкрыта выступае за дыялог з еўрапейскімі краінамі і ЗША. На Захадзе падазраюць, што Іран спрабуе стварыць сваю ядравую зброю, але афіцыйны Тэгеран заўсёды катэгарычна гэта адмаўляў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў