Развал Ісламскай дзяржавы ў Іраку? Баевікі ІД пачалі масава здавацца ў палон

photo

Іракскія і курдскія сілы вызвалілі ад «Ісламскай дзяржавы» адзін з яе апошніх аплотаў на захадзе Іраку – горад Хавія. У апошнія дні змагання дайшло да незвычайнай з’явы – масавай здачай ісламістаў у палон.

Каля тысячы баевікоў-ісламістаў здаліся ў палон за апошні тыдзень, што прывяло да хуткай здачы гораду, наступ на які пачаўся толькі 20 верасня. І гэта можа сведчыць пра надыходзячы арганізацыйны і маральны крах злачыннай групоўкі, якая ўжо не можа эфектыўна абараняць захопленую тэрыторыю.

Палонныя баевікі ў Хавіі. Фота – Reuters

«Яны здаюцца, іх кіраўніцтва пакідае іх на волю лёсу», – пракаментаваў падзею амерыканскі генерал-лейтэнант Пол Фанк, які кіруе кааліцыйнымі сіламі, што вядуць змаганне з ІД у Іраку і ў Сірыі.

«Хуткасць, з якой праціўнік адмовіўся ад барацьбы, мяне здзівіла», – дадаў генерал.

Антысламісцкая кааліцыя ацэньвала сілы праціўніка ў раёне гораду Хавія прыкладна ў 1 500 чалавек – такім чынам у палон здаліся як мінімум 2/3 байцоў «халіфату».

Такім чынам горад быў здалі прыкладна за два тыдні – і гэта пасля таго, як ісламісты баранілі каля 9 месяцаў іракскі Масул і ўжо некалькі месяцаў зацята абараняюць горад Рака ў Сірыі.

Іракскія войскі ў Хавіі. Фота – AFP

Не выключана, што ў гэтых баях былі знішчаныя найбольш падрыхтаваныя і матываваныя кадры «ІД», а цяпер міжнароднай кааліцыі ў большай ступені супрацьстаяць прымусова набраныя людзі, якіх ісламісты набралі ў свае фармаванні ўва ўмовах масавага беспрацоўя.

Фотаздымкі цэлых групаў баевікоў, якія кідаюць зброю, сведчыць пра дэмаралізацыю нізавога складу войск ісламістаў. Паводле паведамленняў курдскіх узброеных фармаванняў, звычайныя «жаўнеры халіфату» здаюцца, бо аказаліся пазбаўленыя даставаў і платы за службу.

Спынены бліцкрыг

У 2014 годзе баевікі «Ісламскай дзяржавы» хуткім ударам захапілі значныя тэрыторыі заходняга Іраку, пачалі пагражаць нават сталіцы краіны. Імклівасць, рашучасць і жорсткасць ісламістаў тады прывялі да амаль поўнага раскладу іракскай рэгулярнай арміі, якая пакінула праціўніку вялікія запасы зброі і рыштунку ў якасці трафеяў.

Баявік ІД са сцягам арганізацыі ў Іраку. 2014 год. Крыніца – wikipedia.org

Ісламісцкая акупацыя суправаджалася масавымі забойствамі і катаваннямі хрысціянаў, курдаў, езідаў, а таксама ўсіх, хто не падзяляў ідэалогію ІД. Гэта прывяло да частковага вяртання ў Ірак амерыканскіх войскаў, выведзеных прэзідэнтам Баракам Оўбамам, рэарганізацыі іракскай арміі, фармавання апалчэння з ліку ўсіх, хто быў гатовы ваяваць супраць ІД.

Наступ баевікоў быў спынены, а летась пры падтрыманні авіяцыі заходніх і некаторых арабскіх краін разгарнулася наступальная кампанія супраць ІД, якая пазбавіла ісламістаў асноўнай часткі іх заваяванняў.

У Сірыі

Аднак ісламісты яшчэ працягваюць жорсткі супраціў у Сірыі – Сірыйскія дэмакратычныя сілы на чале з мясцовымі курдамі амаль цалкам узялі колішнюю «сталіцу халіфата» – горад Раку. Аднак ізаляваныя ў самым цэнтры гораду групы баевікоў займаюць добра ўмацаваныя пазіцыі і кожны метр вызваленай тэрыторыі каштуе крыві сілам пад амерыканскім патранажам.


Змаганне за Раку. Сітуацыя на канец верасня. Крыніца – wikipedia.org

СДС – шматэтнічны і мультырэлігійны кангламерат палітычна-вайсковых фарміраванняў, якія змагаюцца адначасова супраць сірыйскага дыктатара Башара Асада і ісламістаў. Асноўную ролю ў СДС граюць курды, аднак прысутнічаюць таксама мусульмане іншых этнасаў (арабы, туркмены, чэркесы, чачэнцы) і хрысціяне (армяне і асірыйцы). Усе яны абвесцілі сваёй мэтай пабудову секулярнай дэмакратычнай Сірыі з федэратыўным дзяржаўным ладам.

Таксама працягваюць несці страты саюзныя Башару Асаду легальныя і паўлегальныя ўзброеныя фармаванні Расеі, якія, відавочна, сталі галоўнай сілай апошніх аперацый супраць ІД з асадаўскага боку.


Генерал Асапаў. Фота – Сяргей Краснавухаў/РІА НАВІНЫ

Гэтак, у канцы мінулага месяца ў раёне горада Дэйр-эз-Зор, дзе праходзіць лінія сутыкнення войск Асада і ІД, загінуў расейскі генерал-лейтэнант Валер Асапаў. Згодна са звесткамі Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны, у жніўні 2015 году Асапаў пад іншым прозвішчам кіраваў 1-м армейскім корпусам ДНР.

Потым былі апублікаваныя кадры з расейскамоўнымі людзьмі, якія патрапілі ў палон ісламістаў. Расея адмовілася прызнаваць іх сваймі вайскоўцамі. Яны былі апазнаныя як магчымыя байцы адной з неафіцыйных расейскіх груповак наймітаў, якія прыхавана выконваюць заданні Масквы.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары