Развагі неанацыста на дзяржаўным канале? Міністэрства інфармацыі не супраць


Чыноўнікі з Міністэрства інфармацыі адказалі на скаргу ашмянскага актывіста Ігара Казмерчака. Яны не ўгледзелі парушэнняў у тым, што канал СТВ тыражуе выказванні вядомага ў Расеі неанацста на мянушку Цясак.

Цесаку далі слова ў 2-й серыі праграмы «Нам и не снилось. Рождённые верой», што была ў эфіры СТВ 3 снежня. Неанацыста падпісалі як «лідара грамадскага руху».

«Першы раз (на 24-й хвіліне запісу) у эфіры паказанай на СТВ перадачы Марцінкевіч з’яўляецца падчас самасуду, які ўчыніў разам са сваймі паплечнікамі, і проста на камеру наносіць удар чалавеку. Другі раз ён з’яўляецца на 42-й хвіліне і разважае на тэму, што такое грэх», – напісаў у скарзе ў Міністэрства інфармацыі Ігар Казмерчак.

Цясак быў стваральнікам некалькіх грамадскіх арганізацый, дзейнасць якіх была забаронена на тэрыторыі Расеі пастановай суда як фашыстоўскіх. Яго тройчы прыгаворвалі да розных пакаранняў за распальванне міжнацыянальнай варожасці, і на момант выхаду перадачы ў эфір 3 снежня 2014 года ён адбываў чарговае пакаранне ў калоніі.

Як адказаць актывісту, чыноўнікі думалі больш за месяц. З адказу намесніка міністра вынікае, што ў праграме ўсяго толькі былі прадстаўлены «розныя меркаванні». «У праграме прыводзяцца розныя пункты гледжання на праблемы граху і самасуду, у якасці адной з іх прадстаўлена пазіцыя Максіма Марцінкевіча», – гаворыцца ў лісце, падпісаным намеснікам міністрам інфармацыі Сяргеем Хільманам.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў