«Размовы з кухняў прагучаць на вуліцы». Стрым з дэманстрацыі незалежных прафсаюзаў


Незалежныя прафсаюзы ладзяць мітынг у Кіеўскім скверы ў Менску. На ім падымуць пытанні заробкаў, поўных тарыфаў камунальных плацяжоў і змены сацыяльна-эканамічнага курсу краіны.

Праз некаторы час анархісты схавалі свае расцяжкі і сышлі з акцыі. За анархістамі пайшлі міліцыянты. Міліцыянты падагналі сіні мікрааўтобус і ў чацвярых затрымалі траіх анархістаў.

Вячаслаў Касінераў пачаў прамаўляць пра палітвязняў праз гукаўзмацняльнік. Людзі пачалі абурацца, што анархісты перашкаджаюць выступоўцам прамаўляць.

«Зараз грамадства будзе бачыць, хто гатовы ў гэтай краіне казаць праўду. Тут зараз нейкія рэзалюцыі, нейкія прыняцці рашэнняў… Я толькі што запытаў у арганізатараў, ці будзе размова пра палітвязняў. (…) Людзі сказалі, што не будуць гэта агучваць. (…) Слова нам даваць не будуць, у іх ёсць нейкая павестка канкрэтная, яны не гатовыя супрацоўнічаць з ніякімі рухамі. (…) Казаць пра тое, што тут адбываецца нешта незалежнае больш не мае сэнсу», – сказаў Вячаслаў Касінераў.

«Калі ўлада хоча, каб у краіне было ўсё добра, то трэба рабіць і эканамічныя, і палітычныя рэформы. Без гэтага будучыня Беларусі будзе вельмі непрадказальная і цяжкая», – кажа лідар незалежнага прафсаюзу «РЭП» Генадзь Фядыніч.

Тое, што акцыю не дазволілі каля Опернага тэатру ў Менску, Федыніч тлумачыць тым, што ўлада баіцца тых, каго не можа кантраляваць.

«Мы патрэбныя людзям. Пакуль мы будзем патрэбныя, прафсаюз будзе пашырацца і будзе дапамагаць людзям у сёлах і гарадах», – запэўніў Генадзь Фядыніч.

У размове з нашым каналам кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заявіў, што галоўным патрабаваннем удзельнікаў акцыі стане змена сацыяльна-эканамічнага курсу, які «прывёў краіну ў тупік».

«Стаўка на камандна-адміністрацыйную эканоміку цалкам сябе дыскрэдытавала», – лічыць Ярашук.

«Па-другое, заробкам працоўных падаць ужо няма куды: яны ўжо ніжэй за ўзровень 2010-га, а цэны няўхільна растуць, – працягвае Ярашук. – У сувязі з гэтым мы будзем патрабаваць ад ураду захадаў, каб гэтую сітуацыю ён узяў пад кантроль».

«Па-трэцяе, мы заявім пра правы працоўных», – дадаў актывіст.

Старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч абяцае звярнуць увагу ўрада на збядненне народу.

«Сёння вельмі важна тыя лозунгі, якія людзі гавораць на кухнях, вымавіць публічна», – заяўляе Генадзь Фядыніч.

Паводле абаронцы правоў працоўных, гэта тычыцца перш за ўсё Дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы № 29, № 5, вядомага Дэкрэту № 1 «аб дармаедах», а таксама пытанняў аплаты ЖКГ, заробкаў і дапамогі па беспрацоўі.

«Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія хвалююць людзей, і мітынг – гэта магчымасць іх выказаць. Мы хочам быць пачутымі», – дадае Фядыніч.

Сёлета ўлады дазволілі правядзенне першамайскага мітынгу ў Кіеўскім скверы з 14 да 16 гадзіны. Арганізатары кажуць, што з сабой можна прыносіць толькі зарэгістраваную сімволіку.

Арганізатары чакаюць, што ў акцыі возьмуць удзел каля дзвюх тысячаў чалавек, прызнаўся Генадзь Фядыніч у размове з «Белсатам».

Фота анонсу – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Стужка навінаў