Рауль Кастра сыдзе ў адстаўку ў красавіку 2018 года


Лідар Кубы Рауль Кастра сыдзе са сваёй пасады 19 красавіка 2018 года. Адстаўка Кастра адбудзецца па выніках выбараў у Дзяржсавет.

У чацвер, 21 снежня, кубінскі парламент прыняў рашэнне адкласці выбары ў Дзяржсавет на два месяцы – замест запланаванага 24 лютага яны пройдуць 19 красавіка.

У кубінскай палітычнай сістэме пасаду кіраўніка дзяржавы складаецца з двух сумешчаных пасадаў – старшыні Дзяржсавету і кіраўніка савету міністраў.

Раней Кастра неаднаразова сцвярджаў, што не будзе ў 2018 годзе балатавацца на трэці тэрмін старшыні Дзяржсавета. У апошні раз ён заявіў пра гэта ў чэрвені 2017 года.

Найбольш верагодным пераемнікам Кастра з’яўляецца першы віцэ-прэзідэнт, 52-гадовы Мігель Дыяс-Канель. Як паведамляе El Nuevo Herald, частка кіраўніцтва кіруючай у краіне Камуністычнай партыі скептычна ставіцца да яго кандыдатуры, адзначаючы недастатковы досвед Дыяс-Канеля. Раней ён быў міністрам адукацыі Кубы, да гэтага ўзначальваў адзін з абкамаў Кампартыі.

Рауль Кастра афіцыйна ўзначальвае Кубу з лютага 2008 года, пераняўшы пасаду ад свайго старэйшага брата Фідэля. Да гэтага ён 1,5 гады выконваў абавязкі прэзідэнта пасля датэрміновай адстаўкі брата з-за хваробы. На працягу 30 гадоў (з 1976 года) Рауль быў першым віцэ-прэзідэнтам і фактычным пераемнікам Фідэля Кастра.

 

ІІ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў