Ратка Младзіч прысуджаны да пажыццёвага зняволення за генацыд у Срэбрэніцы


Гаагскі трыбунал па ваенных злачынствах у былой Югаславіі прысудзіў былога генерала войску баснійскіх сербаў Ратка Младзіча да пажыццёвага зняволення, прызнаўшы яго вінаватым у генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці.

Ратка Младзіч падчас вайны ў былой Югаславіі камандаваў арміяй баснійскіх сербаў і, на думку трыбунала, вінаваты ў забойстве тысяч мірных жыхароў Босніі і Герцагавіны. Галоўнае са злачынстваў, учыненых па загаду Ратка Младзіча – разня ў Срэбрэніцы, дзе ў 1995 годзе былі забітыя больш за сем тысяч мусульманаў, мужчын і хлопчыкаў.

Гаагскі трыбунал прыйшоў да высновы, што «супраць баснійскіх мусульманаў у Срэбрэніцы былі здзейсненыя злачынствы, якія кваліфікуюцца як генацыд, пераслед, знішчэнне і гвалтоўнае перасоўванне» – пра гэта заявіў старшыня ў Міжнародным трыбунале ААН па былой Югаславіі (МТБЮ) Альфонс Арые, зачытваючы прысуд.

Младзіча таксама абвінавачваюць у злачынствах, якія здзейснілі ўзброенныя фармаванні сербаў пад яго камандаваннем, якія аблягалі горад Сараеве. Аблога працягвалася каля 3,5 гадоў, за гэты час у горадзе загінулі больш за 10 тысяч чалавек. Суддзя Альфонс Арые заявіў, што Младзіч асабіста камандаваў артылерыяй, абстрэльвалі жылыя раёны Сараева, паказваючы, куды страляць.

Былы генерал, якому зараз 75 гадоў, хаваўся ад міжнароднага трыбунала на працягу 16 гадоў. Ён быў арыштаваны ў траўні 2011 года ў выніку аперацыі сербскіх спецслужбаў і адпраўлены для суда ў Гаагу.

Младзіч адхіляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас. Ён казаў у судзе, што «усяго толькі абараняў свой народ» у грамадзянскай вайне.

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў