Ратавальнікі працягваюць гасіць пажар на «Паліміры»

video

Пажар на «Паліміры». Фота з сацыяльных сетак

На прадпрыемстве «Палімір» у Наваполацку працягваецца выгаранне прадукту. 

Інфармацыя пра здарэнне на заводзе паступіла ўчора, 18-га чэрвеня, блізу 13:00 гадзіны. Калі прыбылі ратавальнікі, адбывалася факельнае гарэнне – вышыня паходні складала каля 4 метраў на этажэрцы газаразмеркавання вышынёй 30 метраў.

«У выніку пажару пашкоджанае тэхналагічнае абсталяванне, спынены выраб поліэтылену другой чаргі (астатнія вытворчасці працуюць у штатным рэжыме пры максімальнай нагрузцы). На месцы здарэння арганізаваная змена ратавальнікаў, запраўка тэхнікі, якая працуе», – паведамляе 19-га чэрвеня афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Па стане на 09:00 працягвалася «выгаранне прадукту з тэхналагічнай устаноўкі», работнікі МНС праводзілі працы дзеля астуджэння і абароны тэхналагічных канструкцыяў.

«Працуюць 14 лафетных ствалоў. Пацярпелых няма, пагрозы для працаўнікоў прадпрыемства і насельніцтва няма. Перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў у атмасферным паветры не зафіксавана, замеры праводзяцца ў пастаянным рэжыме. Прычына пажару і шкода ўстанаўліваюцца», – паведамляе МНС.

У паведамленні таксама адзначаецца: «Дзякуючы своечасоваму прыбыццю першых падраздзяленняў і правільнаму выбару вырашальнага напрамку (падача лафетных ствалоў на астуджэнне вадароднага вузла і калоннага шэрагу аддзелу газараздзялення) была папярэджаная разгерметызацыя абсталявання з наступным магчымым выбухам і поўным разбурэннем аддзелу кампрэсіі, вузла газараздзялення, тэхналагічнага абсталявання і камунікацыяў суседняга цэху 105».

Інфармацыю пра выбух, які папярэднічаў узгаранню, у МНС па-ранейшаму не пацвярджаюць. Між тым, паводле паведамленняў у сацсетках, выбуховую хвалю адчулі 18 чэрвеня людзі, якія адпачывалі на возеры Люхава і ў размешчаных непадалёк дамах.

У канцы красавіка на «Паліміры» адбыўся выкід этылену, пацярпелых не было.

«Палімір» – буйное хімічнае прадпрыемства, якое вырабляе поліэтылен, акрылавае валакно, прадукты арганічнага сінтэзу і вуглевадародных фракцыяў. Экспартуе прадукцыю ў Расею, Украіну, Нямеччыну, Фінляндыю, Польшчу, Іран, Венгрыю, Балгарыю, Кітай ды іншыя краіны.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары