Ратавальнікі ліквідавалі пажар у Чарнобыльскай зоне


Ратавальнікі ліквідавалі пажар на тэрыторыі комплексу лясной гаспадаркі «Чарнобыльская пушча» ў зоне адчужэння і абавязковага адсялення ў Іванкаўскім раёне Украіны.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях.

«А 09:00 2 траўня пажар ліквідаваны», – гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер выратавальнікі і працаўнікі лясной гаспадаркі прачэсваюць пажаранебяспечны раён, падае unian.net.

Паводле прэс-службы ДСНС, на месцы пажару радыяцыйны фон знаходзіцца ў межах нормы і складае ў сярэднім 21 мікрарэнтген у гадзіну (бяспечны ўзровень радыяцыйнага фону да 50 мікрарэнтген у гадзіну). На прамысловай пляцоўцы Чарнобыльскай АЭС – 58 мікрарэнтген у гадзіну, у зоне адчужэння – 22 мікрарэнтген у гадзіну, у Кіеве – 11 мікрарэнтген у гадзіну.

Паводле эколагаў, пажар адбыўся ў адносна чыстым сектары па чарнобыльскіх мерках.

«Па выніках вымярэнняў радыяцыйны фон нават у раёне пажару, у яго эпіцэнтры, не змяніўся. Што было чакана, бо шчыльнасць забруджвання менавіта ў гэтым раёне мае невялікае значэнне, – кажа інжынер «Чарнобыльскага спецкамбінату» Дзяніс Вішнеўскі. – Таму нават пры тым, што падчас пажару абавязкова адбываецца ўздым у атмасферу некаторых радыеактыўных рэчываў, аб’ём гэтых рэчываў быў не такім значным, каб прывесці да змены фону. З іншага боку, ён прывёў да павелічэння ўтрымання радыенуклідаў у паветры, але, зноў жа, нязначна. Мы назіралі станоўчую дынаміку, але яна нават не дасягнула кантрольнага ўзроўню».

28 красавіка на тэрыторыі комплексу лясной гаспадаркі «Чарнобыльская пушча» ў зоне адчужэння і абавязковага адсялення ў Іванкаўскім раёне Украіны на плошчы каля 320 гектараў паўстаў лясны пажар. 29 красавіка пажар лакалізавалі.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net

Стужка навінаў