Растоўскі ўніверсітэт просіць «Google» прыбраць Чыкаціла са спісу «выбітных выпускнікоў»


У расейскай версіі пашукавіка «Google» Чыкаціла – «выбітны выпускнік» Растоўскага ўніверсітэту. У 1978–1990 гадах Чыкаціла забіў каля 60 чалавек

«Google» тлумачыць, што справа ў кепскім перакладзе старонкі пашукавіка на расейскую: Чыкаціла не «выбітны», а «вядомы».

Паўднёвы федэральны ўніверсітэт скіраваў афіцыйную скаргу ў «Goоgle» з просьбай выключыць серыйнага забойцу Андрэя Чыкаціла з вынікаў пошуку па запыце «выбітныя выпускнікі Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту». Пра гэта вучэльня распавяла ТАСС.

«Мы звярнулі ўвагу супрацоўнікаў Google, што Чыкаціла з’яўляецца небяспечным злачынцам і маньякам і не з’яўляецца, як яны сцвярджаюць, выбітным выпускніком», – распавялі ўва ўніверсітэце.

У сваім адказе ЮФУ «Google» спаслаўся на няправільны пераклад расейскай версіі пашукавіка: у ёй «вядомыя выпускнікі» сталі «выбітнымі».

На ангельскай версіі старонкі Чыкаціла – чацвёрты у ліку «notable alumni» («вядомых выпускнікоў»)

Напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя Чыкаціла завочна вывучаў расейскую мову і літаратуру на філалагічным факультэце Растоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Паводле следчых, у 1978–1990 гадах Чыкаціла забіў больш за 65 чалавек. Сам ён прызнаўся ў 56 забойствах. Чыкаціла расстралялі ў лютым 1994 года.

ДД

Стужка навінаў