Расследаванне забойства Паўла Шарамета: што вядома на сёння?


Да другой гадавіны гібелі журналіста Паўла Шарамета belsat.eu сабраў асноўныя факты, датычныя расследавання ягонай справы.

Павел Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева. У ягоным аўтамабілі на скрыжаванні вуліцаў Івана Франка і Багдана Хмяльніцкага выбухнула самаробная бомба з элементамі супрацьпяхотнай міны. Журналіст памёр за лічаныя хвіліны. Была распачатая крымінальная справа п.5 ч.2 арт.115 КК Украіны (наўмыснае забойства здзейсненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў).

Падазраваных па справе аб забойстве Паўла Шарамета дагэтуль няма, хаця з моманту злачынства прайшло два гады. За гэты час былі дапытаныя больш за 3 тыс. сведкаў, правядзены вялікі аб’ем аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, аднак канкрэтных вынікаў няма. Яшчэ ў траўні 2017 года кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў прызнаў, што справу Шарамета можна аднесці да тых 7% спраў, у якіх паліцыя не можа ўсталяваць забойцу і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Праваахоўныя органы зняпраўджаюць абвінавачванні ў тым, што следства па справе Шарамета нічога не зрабіла, але прызнаюць, што дагэтуль не маюць канкрэтных падазраваных.

«Людзі, якія гэта зрабілі, не знойдзены», – падкрэсліў прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Украіны Андрэй Лысенка ў размове з «Белсатам» у чэрвені.

Прадстаўнікі паліцыі заявілі, што знайсці забойцаў Шарамета – гэта «справа гонару». Расследаванне справы за самага пачатку ўзяў пад асабісты кантроль прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Я не Гасподзь Бог. Я не ведаю, хто забіў Паўла Шарамета, але мне гэтак жа баліць, як і вам. Ведаеце, чым я адрозніваюся ад папярэдніх? Я буду разам з вамі рабіць усё магчымае, каб у нас не засталося ніводнай закрытай часткі ў расследаванні забойства журналіста», – заявіў Парашэнка падчас прэс-канференцыі ў Кіеве сёлета.

Следства на дадзены момант адпрацоўвае 4 асноўныя версіі адносна матываў здзяйснення забойства, сцвярджаюць у ГПУ. Сярод іх: прафесійная дзейнасць Шарамета, асабістая непрыязнасць, дэстабілізацыя абстаноўкі ў Украіне і памылка аб’ектам (аўто, у якім загінуў Шарамет, належала ўладальніку «Украінскай праўда» Алене Прытуле). На працягу апошніх 2 гадоў высокапастаўленыя ўкраінскія сілавікі перыядычна заяўлялі, што да забойства могуць быць датычныя расейскія спецслужбы, аднак канкрэтных доказаў на гэты конт прадстаўлена не было. Камітэт абароны журналістаў (CPJ) летась у сваёй справаздачы адзначаў, што да забойства Паўла Шарамета могуць датычныя і спецслужбы Расеі, і Украіны, і Беларусі, і ўкраінскія нацыяналістычныя сілы.

Дзякуючы расследаванню «Слідство.Інфо» сумесна з журналістамі OCCRP стала вядома, што за Паўлам Шараметам вялося сачэнне. У ноч перад забойствам, калі пад машыну журналіста заклалі выбуховае прыстасаванне, побач з ягоным домам быў заўважаны былы ці дзейны супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка. У СБУ сцвярджаюць, што Усціменка даўно звольніўся з працы, аднак грунтоўных тлумачэнняў наконт прыведзеных журналістамі фактаў праваахоўнікі не далі.

Ганна Бабінец

Летась суаўтарка журналісцкага расследавання Ганна Бабінец адзначылау інтэрв’ю belsat.eu, што без спецслужбаў арганізаваць забойства Шарамета было немагчыма. Аднак пра спецслужбы якой краіны можа ісці гаворка яна сказаць не гатовая. Пры гэтым журналістка дадала: ніякіх слядоў беларускіх спецслужбаў журналісты пакуль не знайшлі. Хаця паводле інфармацыі адной з крыніцаў расследавальнікаў, жанчына, якая мела дачыненне да закладання выбухоўкі ў машыну Шарамета, або прыехала з Беларусі або незадоўга да злачынства перасякала мяжу з Беларуссю.

Сваякі Шарамета і ягоныя калегі незадаволеныя хадой расследавання. Дачка Шарамета Лізавета ўінтэрв’ю Hromadske.ua адзначыла, што на сёння няма «ні выніку, ні прагрэсу якога-небудзь». Нават казаць пра прыярытэтныя версіі нельга: «Праблема ў тым, што доказаў наогул няма, любых. Адносна ўдзелу якой-небудзь з краінаў. Ні адна з версіяў не прыбіраецца, разглядаюцца ўсе».

«Гаворачы з праваахоўнікамі не пад запіс на гэтую тэму, я часта чую, што яны сапраўды не ведаюць, куды рухацца далей. Кажуць пра тое, што раскрыццё гэтага злачынства немагчыма без аналізу ўсіх кантактаў Паўла напярэдадні забойства, у тым ліку на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі», – кажа «УП» Наталля Сядлецкая, рэдактар і вядоўца праграмы «Схеми. Корупція в деталях».

Сузаснавальнік міжнароднага журналісцкага праекту па даследаванню карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP Дру Саліван наогул лічыць, што да забойства Паўла Шарамета так ці інакш датычныя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў. З пункту гледжання Салівана, украінскія ўлады «свядома не дакопваюцца да праўды, не публікуюць інфармацыю, якую павінны зрабіць публічнай».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў