«Рассельгаснагляд» спужаўся АЧС і ўвёў новыя абмежаванні на беларускія харчы


Як сцвярджаюць прадстаўнікі «Рассельгаснагляду», дадатковыя патрабаванні на імпарт свініны ды іншыя прадукты з Беларусі ўведзеныя з прычыны рызыкі распаўсюджвання афрыканскай чумы.

Цяпер адмысловыя дазволы ад расейскіх органаў праверкі будуць патрэбныя як на жывых свіней, гэтак і на перапрацаваную прадукцыю. Сярод іншага, напрыклад, сыры ці макарона, якія «маюць у складзе каўбасу з мяса свінні, ці кроў свінні». Пад абмежаванні трапіла і фуражнае зерне, якое найчасцей выкарыстоўваецца для кармлення свіней (пшаніца, жыта, ячмень ды іншае).

Прэсавая сакратарка «Рассельгаснагляду» Юлія Мелано, каментуючы новыя абмежаванні, нагадала, што беларускі бок з 2015-га года выкарыстоўвае аналагічныя захады ў дачыненні да мяса свініны з Расеі. І, маўляў, нягледзячы на шматлікія звароты да афіцыйнага Менску адмяніць абмежаванні, пытанне засталося не вырашаным.

Без таго няпростыя стасункі Беларусі з «Рассельгаснаглядам» на пачатку месяца сапсаваліся яшчэ больш. 3 лютага Лукашэнка падчас размовы з журналістамі не выключыў магчымасці завядзення крымінальнай справы супраць кіраўніка расейскага кантрольнага ведамства Сяргея Данкверта. Той у сваю чаргу параіў Менску навесці парадак на прадпрыемствах.

belsat.eu

Стужка навінаў