Расплата за ЮКОС: У Бельгіі, Францыі ды Аўстрыі арыштавалі расейскія актывы


18 чэрвеня міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў заявіў, што Расея не збіраецца выплочваць кампенсацыю былым акцыянерам ЮКОСу нягледзячы на рашэнне Еўрапейскага суда правоў чалавека, і папярэдзіў, што хваля арыштаў расейскіх актываў можа ўзмацніцца, перадае reuters.com.

17 чэрвеня ўсе расейскія ўстановы ў Бельгіі, акрамя дыппрадстаўніцтваў, былі паінфармаваныя аб арышце дзяржаўнай маёмасці Расеі на рашэнне Гаагскага арбітражнага суда ад 18 ліпеня 2014 па пазове акцыянераў ЮКОСу.

З таго моманту судовыя органы Бельгіі і Францыі арыштавалі рахункі шэрагу кампаніяў і арганізацыяў. У прыватнасці, у Францыі арыштаваны рахунак «Russia Today» і будынак «Госзагрансобственность», які належыць упраўленню справамі прэзідэнта.

У Францыі і Бельгіі прадпісанні ад судовых прыставаў атрымаў дзяржхолдынг ВГТРК і ТАСС. Некалькі арыштаў расейскіх актываў адбыліся і ў Аўстрыі.

У Бельгіі разам з рахункамі расейскіх юрыдычных асобаў мог быць арыштаваны і рахунак расейскай дыпмісіі – МЗС Расеі ва ўчорашняй заяве з гэтае нагоды прыгразіла Бельгіі сіметрычным адказам.

«Для нас матывацыя і прававая аргументацыя гэтых рашэнняў не да канца зразумелая, таму даць каментар пакуль немагчыма», – цытуе міністра юстыцыі Расеі Аляксандра Канавалава interfax.ru.

Паводле былога кіраўніка прававога дэпартаменту ЮКОСу Дзмітрыя Голабава, ні адна еўрапейская краіна не пойдзе на арышт прыватнай уласнасці і ўласнасці з дзяржімунітэтам. «Газпром» і «Роснефть» гэтыя арышты не закрануць, сказаў Голабаў у размове з расейскім выданнем vedomosti.ru.

ЮВ, belsat.eu, паводле vedomosti.ru, reuters.com.

Стужка навінаў