«Раскамнагляд» пагражае заблакаваць «Instagram» і «YouTube» за фота і відэа з Дзерыпаскам


Усць-Лабінскі раённы суд Краснадарскага краю пастанавіў унесці ў спіс сайтаў з забароненай інфармацыяй 14 публікацыяў у Instagram і 7 відэаролікаў на YouTube, якія асвятляюць жыццё алігарха.

Матэрыялы фігуруюць як доказы ў расследаванні Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага і датычаць Дзерыпаскі ды хабараў намесніку старшыні ўраду РФ Прыходзьку.

Паводле закону, рэсурсы маюць 3 дні (да вечара 14 лютага), каб выдаліць інфармацыю. Паколькі не ва ўсіх правайдэраў ёсць тэхнічная магчымасць блакаваць асобныя інтэрнэт-старонкі, то частка карыстальнікаў рунэту можа застацца без доступу да Instagram і YouTube.

Дзерыпаска падаў пазоў на бабруйку Анастасію Вашукевіч (Насцю Рыбку) і ейнага секс-коуча віцябляніна Алекса Лэслі (Аляксандра Кірылава) 9 лютага. Бізнесоўца абвінавачвае іх у парушэнні таямніцы прыватнага жыцця.

Пасля пазову Дзерыпаскі Насця Рыбка выдаліла большасць здымкаў з Дзерыпаскам са свайго Instagram, пакінуўшы два відэа, апублікаваных пасля рашэння суду. Відэа на YouTube пакуль не выдалена.

Навальны таксама не пагадзіўся выдаляць расследаванне з уласнага сайта і каналу на YouTube. Ягоныя прадстаўнікі заявілі, што аспрэчаць судовае рашэнне.

8 лютага Аляксей Навальны апублікаваў расследаванне аб сувязі Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Сяргеем Прыходзькам. Паводле Навальнага, яны адпачывалі на яхце алігарха ў Нарвегіі разам з супрацоўніцай «індустрыі эскортных паслуг» пад псеўданімам Насця Рыбка. Інфармацыю для свайго расследавання Навальны знайшоў у інстаграме і кнізе дзяўчыны.

ДР belsat.eu паводле vedomosti.ru

 

Глядзі таксама
Каментары