Расею ў поўным складзе адхілілі ад Паралімпійскіх гульняў у Рыа


Прадстаўніцы Расеі на спаборніцтвах сярод параліпійцаў

Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) вырашыў адхіліць зборную Расеі ад Паралімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра з-за допінгавых скандалаў.

Як заявіў на прэс-канферэнцыі ў Рыа кіраўнік МПК Філіп Крэйвэн, такое рашэнне было прынятае на падставе дакладу Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) аб заахвочванні ўжывання допінгу на дзяржаўным узроўні ў Расеі.

«Антыдопінгавая сістэма ў Расеі зламаная, карумпаваная і цалкам скампраметаваная», – заявіў кіраўнік МПК.

Расейскі міністр спорту Віталій Мутко і прэзідэнт Паралімпійскага камітэту Расеі Уладзімір Лукін заявілі пра намер падаць пазоў у Спартовы арбітражны суд (CAS) у Лазане.

«Сотні выпадкаў»

У дакладзе WADA, заснаваным на расследаванні незалежнай камісіі пад кіраўніцтва Рычарда Макларэна, гаварылася, што міністэрства спорту Расеі кантралявала і праводзіла маніпуляцыі з вынікамі аналізаў спартоўцаў. А таксама абменьвала іх пры актыўным удзеле і пры дапамозе ФСБ і Цэнтру спартовай падрыхтоўкі зборных камандаў Расеі ў Маскве і Сочы.

Камісіі Макларэна выявіла сотні выпадкаў утойвання пазітыўных вынікаў тэстаў на допінг, здадзеных прадстаўнікамі Расеі ў перыяд паміж 2012-м і 2015 гадамі, – у тым ліку і ў ходзе Паралімпійскіх гульняў у Сочы.

Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра пройдуць з 7 па 18 верасня.

Чатыры гады таму на гульнях у Лондане Расея заняла другое месца ў агульнамедалёвым заліку з 36 залатымі, 38 срэбранымі і 28 бронзавымі медалямі.

НМ, belsat.eu, паводле BBC, фотаздымак са старонкі Паралімпійскага камітэту Расеі

Стужка навінаў