Расею не пераабралі ў Раду па правах чалавека ААН


Па выніках галасавання Генасамблеі ААН Расея не трапіла ў Раду па правах чалавека ААН.

Усходнюю Еўропу ў Радзе будуць прадстаўляць Вугоршчына і Харватыя.

Па выніках галасавання за Вугоршчыну падалі 144 галасы, за Харватыю – 114 галасоў, за Расею – 112. Гэтыя тры краіны прэтэндавалі на два месцы ад усходнееўрапейскага рэгіёна.

Раней 80 праваабарончых арганізацыяў заклікалі краіны-чальцы ААН прагаласаваць супраць удзелу Расеі ў радзе з-за таго, што Масква аказвае вайсковую падтрымку рэжыму сірыйскага прэзідэнта Башара Асада.

Арганізацыя «Human Rights Watch» заяўляла, што перавыбранне Расеі і Саудаўскай Аравіі можа аслабіць намаганні рады па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

Пры гэтым Сірыя была пераабраная ў савет разам з Кітаем, палітыка якога таксама падвяргалася крытыцы праваабаронцаў.

У аўторак Крэмль параіў праваабаронцам, якія выступілі за выключэнне Расеі са складу органа, больш актыўна супрацьдзейнічаць тэрарыстам.

З пачатку расейскай аперацыі ў Сірыі Расею не раз абвінавачвалі ў выкарыстанні накіравальных авіябомбаў у густанаселеных раёнах, а таксама ў бамбаванні групаў умеранай сірыйскай апазіцыі.

Чытайце таксама >>> Бітва за Алепа: самая крывавая атака за ўсю вайну ў Сірыі

Улады ЗША і Францыі назвалі бамбаванні Алепа ваенным злачынствам.

НМ, belsat.eu, паводле bbc.com/russian

Стужка навінаў