Расея зняла забарону на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі


Пра гэта паведамляе belta.by са спасылкай на кіраўніка галоўнага ўпраўлення вонкаваэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксея Багданава.

Рашэнне пра такую адтэрміноўку Рассельгаснагляд прыняў па просьбе беларускага боку. У афіцыйным лісце, які атрымала Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі, паведамляецца, што рашэнне пра ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расею будзе прынятае па выніках будучых перамоваў паміж службамі дзвюх краінаў, якія пройдуць у Маскве 7-8 снежня. Беларускі бок прадставіць расейскім калегам матэрыялы аб ліквідацыі парушэнняў, выяўленых у выніку праверкі малочных прадпрыемстваў.

Рассельгаснаглдяд планаваў увесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расею прадукцыі прадпрыемства «Мілкавіта», Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната, Слуцкага сыраробнага камбіната, «Малочнай кампаніі Навагрудскія дары» і «Смаргонскіх малочных прадуктаў». Раней прэтэнзіяў да гэтых прадпрыемстваў Расея не мела.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў