Нямеччына не змагла знайсці доказаў гэтай лічбы, узятай, паводле расейцаў, «са столі».
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі генерал-маёр Ігар Канашэнкаў выказаў здзіўленне словамі кіраўніка ваеннага ведамства Урзулі фон дэр Ляен пра нібыта 100 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, якія прыцягваюцца на вучэнні «Захад-2017», і магчымых у выніку пагрозах Еўропе
«Мы здзіўленыя… узятымі са столі лічбамі», – цытуе Канашэнкава «Інтэрфакс».
Паводле ягоных словаў, нямецкі бок своечасова атрымаў усю вычарпальную інфармацыю пра план і характар, а таксама рэальную колькасць удзельнікаў манеўраў.
Падрабязныя звесткі пра вучэнні падаваліся Нямеччыне як беларускім бокам, гэтак і непасрэдна праз вайсковага аташэ пры пасольстве Нямеччыны ў Маскве падчас адмысловага брыфінгу 29 жніўня намесніка міністра абароны РФ Аляксандра Фаміна на вачах у сотняў замежных журналістаў, – дадаў Канашэнкаў.
Міністр абароны ФРГ Урзула фон дэр Ляен заявіла пра 100 тысячаў службоўцаў падчас 7 верасня ў Таліне.
Каментуючы пазней гэтую заяву прадстаўнік нямецкага мінабароны Енс Флосдорф растлумачыў, што мова вядзецца толькі аб нейкіх «ацэнках экспертаў паўночнаатлантычнага альянсу».
ДД