Расея запатрабавала ад ЗША закрыць сайт «Міратворац»


Расея накіравала ноту ў Дзяржаўны дэпартамент ЗША з патрабаваннем адмовіць сайту «Міратворац» у «амерыканскай прапісцы» з-за стварэння «атмасферы нецярпімасці» да расейскіх СМІ.

Пра гэта ў чацвер заявіла дырэктар дэпартамента інфармацыі і друку МЗС Расеі Марыя Захарава, паведамляе «ТАСС».

«Мы перадалі ноту ў Дзярждэп ЗША, дзе ўтрымліваюцца характарыстыкі партала, а таксама ў гэтым дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне адмовіць ім у амерыканскай прапісцы, бо ад дзейнасці гэтага так званага міратворчага сайта пацярпеў ужо не адзін журналіст», – сказала яна.

Паводле яе слоў, адказу ад амерыканскага боку пакуль не паступала.

Раней у МЗС РФ заявілі, што сайт «Міратворац» грунтуецца на амерыканскіх серверах і абвінавацілі ЗША ў нежаданні процідзейнічаць гэтаму.

Сайт пачаў працаваць у 2014 годзе па ініцыятыве тагачаснага пазаштатнага дарадцы МУС Украіны Антона Герашчанкі. «Міратворац» дэкларуе, што публікуе інфармацыю пра людзей, якія ўяўляюць пагрозу ўкраінскай дзяржаве і грамадству, якія ўчынілі злачынствы супраць нацыянальнай бяспекі краіны.

24 мая 2017 года «Міратворац» апублікаваў абноўлены спіс журналістаў, якія, на іх погляд, «супрацоўнічаюць з краінай-агрэсарам». У пераліку – 293 чалавекі, у тым ліку чацвёра ўкраінскіх журналістаў, пазначаны паштовыя адрасы на тэрыторыі Расеі і нумары тэлефонаў.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары