Расея: за вайну заплацяць бюджэтнікі


Урад Расеі прапаноўвае скараціць дзяржаўныя выдаткі, перадусім – у сацыяльнай сферы. Адпаведны законапраект разглядзіць Дзярждума.

Чыноўнікі прапаноўваюць зменшыць выдаткі на павышэнне заробкаў бюджэтнікам, дапамогу сем’ям з дзецьмі, навуковыя фонды і датацыі рэгіёнам ды універсітэтам. Агулам на гэтыя мэты будзе выдадзена на 20 % менш сродкаў, чымся планавалася.

Папраўкі ў бюджэт складалі з разліку на тое, што нафта ў 2015 годзе будзе каштаваць $ 50 за барэль (раней планавалася $ 96), а долар будзе каштаваць 61,5 расейскіх рублёў.

Агулам Расея плануе скараціць выдаткі на $ 41,6 млрд (гэта больш як палова гадавога ВУП Беларусі).

Урад падрыхтаваў гэтыя папраўкі на загад Пуціна ды зыходзячы з «новага макрапрагнозу, новых вонкавых умоваў». Найбольш расейская эканоміка цярпіць ад падзення коштаў на нафту, абясцэньвання рубля, санкцый ЕЗ і ЗША, уведзеных пасля анексіі Крыму і ўварвання на Данбас.

Бюджэтныя скарачэнні датычаць перадусім «майскіх указаў» Пуціна, якія ён падпісаў у 2012 годзе пасля таго, як у трэці раз стаў прэзідэнтам Расеі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў