Расея з 1 студзеня адменіць бязвізавы рэжым з Турцыяй


Расея з 1 студзеня 2016 года прыпыніць бязвізавы рэжым з Турцыяй, заявіў кіраўнік Міністэрства замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Прынята рашэнне кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі пра тое, каб прыпыніць бязвізавы рэжым, які цяпер дзейнічае паміж Расеяй і Турэцкай Рэспублікай», – сказаў Лаўроў у пятніцу на прэс-канферэнцыі ў Маскве, падае interfax.ru.

Паводле слоў расейскага міністра, «гэта не надуманая пагроза (тэрарыстычная – рэд.), а гэта пагроза цалкам рэальная». «Мы з усёй адказнасцю паведамляем пра гэта расейскім грамадзянам», – дадаў Лаўроў.

Лаўроў таксама паведаміў, што «сёлета больш за 200 расейскіх грамадзян былі дэпартаваныя з Турцыі пасля таго, як яны былі абвінавачаныя турэцкімі ўладамі ў незаконнай дзейнасці».

«Нягледзячы на ​​наяўнае адпаведнае пагадненне, толькі ў сямі з больш чым двухсот выпадкаў расейскі бок быў загадзя паінфармаваны пра такую дэпартацыю. У большасці выпадкаў названыя асобы дэпартаваліся з абыходам Расейскай Федэрацыі, высылаліся ў іншыя краіны, у тым ліку дзяржавы, якія праводзяць недружалюбную ў дачыненні да Расеі палітыку», – растлумачыў кіраўнік МЗС РФ.

Беларускія турысты могуць да 30 дзён знаходзіцца ў Турцыі без візы.

24 лістапада Турцыя збіла расейскі бамбавальнік Су-24, абвінаваціўшы яго ў парушэнні паветранай прасторы. Расейскі бок сцвярджаў, што мяжу парушыў турэцкі знішчальнік. НАТО падтрымала Турцыю ў сітуацыі са збітым расейскім бамбавальнікам

Пасля гэтага адносіны паміж Расеяй і Турцыяй абвастрыліся. Некалькі сотняў чалавек зладзіла дэманстрацыю перад амбасадай Турцыі ў Маскве. Заводзілі натоўп некалькі дзясяткаў чалавек у цёмных куртках і шапках, якія закідалі сядзібу дыпламатаў яйкамі, банкамі з фарбай і каменнем.

Расея забараніла з 1 снежня ўвоз курэй з турэцкіх птушкафабрык.

Расейцы пачалі больш пільна правяраць турэцкія харчы. Расейская лабараторыя знайшла чарвяка ў турэцкім апельсіне.

Турцыя прыгразіла не набываць расейскі газ.

МЯ, паводле interfax.ru

Стужка навінаў