Расея вінаваціць Беларусь у кантрабандзе


«Рассельгаснагляд» заяўляе, што выявіў буйны канал паставак кантрабанды праз Беларусь.

Ілжывы транзіт

Расейскія мытнікі выявілі больш за 11 тысячаў тон кантрабанднай прадукцыі – гародніны ды садавіны з краінаў Еўразвязу. Гэтыя тавары паводле дакументаў меліся даставіць з Беларусі ў Казахстан, але цяжкавікі «затрымаліся» ў Расеі.

«Гэтая колькасць складае больш за 10 % ад агульнай колькасці прадукцыі, што вывозяць з тэрыторыі Беларусі», – паведамляе «Рассельгаснагляд». Расейскі бок сцвярджае, што кампетэнтныя органы Казахстану і Беларусі не зрабілі нічога, каб спыніць ілжывы транзіт.

Канал кантрабанды перакрыюць?

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Пасля таго як Расея наклала эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Еўразвязу, пастаўкі садавіны і гародніны ў Расею сталіся вельмі прыбытковаю справаю. Гэтак у якасці тыповага прыкладу транзітнай кантрабанды расейскі бок прыводзіць выпадак з цяжкавіком, які вёз яблыкі, капусту і памідоры з Польшчы. Тавары мелі фітасанітарны сертыфікат, выдадзены беларускімі службамі. Паводле дакументаў, канцавым пунктам для тавараў меўся стаць Петрапаўлаўск (Казахстан).

Цяжкавік прапусцілі праз пункт на Пскоўшчыне. Мінула ўсяго тры дні і тая ж самая машына з там жа сертыфікатам і новым грузам спрабавала прайсці кантроль на іншым прапускным пункце – на Разаншчыне. Відавочна, што тавары з першага рэйсу выгрузілі на тэрыторыі Расеі, бо за тры дні даехаць да Казахстану і вярнуцца ізноў па новы груз у Польшчу праз Беларусь, немагчыма.

Старшыня «Рассельгаснагляд» паведаміў, што расейскі бок будзе дакладна спраўджваць усе пастаўкі, у тым ліку і транзітныя, з тэрыторыі Беларусі. Раней расейскія мытнікі не спраўджвалі цяжкавікі з таварамі, якія выязджалі праз беларускую мяжу і былі спраўджаныя беларускімі мытнымі службамі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў