Расея разглядае пытанне пра перадачу Украіне асуджанага на 20 гадоў рэжысёра


Міністэрства юстыцыі РФ даручыла Федэральнай службе выканання пакаранняў падрыхтаваць неабходныя дакументы для перадачы 4 украінцаў – для «адбывання пакарання» ва Украіне.

«На падставе звароту, які паступіў 10 сакавіка ад украінскага боку Мінюст Расеі скіраваў лісты ў Федэральную службу выканання пакаранняў з просьбаю падрыхтаваць неабходныя дакументы для развязання пытання пра перадачу асуджаных А.Кольчанкі, Г.Афанасьева, О.Сянцова і Ю.Салашэнкі, а таксама праверыць наяўнасць або адсутнасць падставаў, якія перашкаджаюць гэтай перадачы», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расейскага Міністэрства юстыцыі.

Мінюст таксама падкрэсліў, што канчатковаю пастанову пра перадачу асуджаных расейскімі судамі прымаюць федэральныя суды РФ. Паводле ўкраінскага Міністэрства юстыцыі, працэдура можа заняць каля 6 месяцаў.

Паводле interfax.ru, украінскі рэжысёр Алег Сянцоў атрымаў 20 гадоў турмы за рыхтаванне тэракту ў Крыму, стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі ды спробу набыць выбухоўку. Аляксандр Кольчанка – другі асуджаны ў гэтай справе – атрымаў 10 гадоў турмы.

Паводле расейскага следства, Алег Сянцоў у красавіку 2014 года даручыў сваім паплечнікам узарваць у цэнтры Сімферопалю помнік Леніну.

Больш пра справу «крымскіх тэрарыстаў» чытайце тут >>>

У сакавіку Кіеў увёў персанальныя санкцыі адносна асобаў, датычных да справы Сянцова, лётчыцы Надзеі Саўчанкі і некаторых іншых украінцаў, якія застаюцца ў турмах на тэрыторыі Расеі – гэтак званы «спіс Саўчанкі-Сянцова».

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.ru

Глядзі таксама
Каментары