Расея прапаноўвае Беларусі і іншым краінам СНД накіраваць у Сірыю кантынгент вайсковых назіральнікаў


Расея звярнулася да краін СНД, у тым ліку да Беларусі, з пытаннем аб магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі. Пра гэта заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах па Сірыі ў Астане Александр Лаўрэнцьеў, паведамляе РИА Новости.

«Цяпер стаіць пытанне пра тое, якія вайсковыя кантынгенты – хачу тут падкрэсліць – вайсковых назіральнікаў якіх краін прыцягнуць для міратворчай місіі ў Сірыі. Ніхто не ставіць пад сумнеў удзел кантынгенту РФ, таму мы звярнуліся да ўсіх краін СНД з прапановай разгледзець пытанне – гэта не навязванне нейкага рашэння – аб магчымасці накіравання краінай у разумных межах кантынгенту для сумеснага ўдзелу ў маніторынгу за сітуацыяй», – сказаў Лаўрэнцьеў.

Ён таксама адзначыў, што Расея вітала б рашэнне Казахстану накіраваць міратворчы кантынгент для кантролю ў зонах дээскалацыі ў Сірыі.

Вайна ў Сірыі цягнецца ўжо 6 гадоў, у канфлікце загінулі больш за 300 тысяч чалавек.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў