Расея прапанавала краінам ЕАЭС знішчаць харчы без суправаджальных дакументаў


Сяргей Данкверт

Расея хоча, каб краіны ЕАЭС знішчалі прадукты, якія не маюць суправаджальных дакументаў.

Пра гэта распавёў выданню «Известия» кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме.

Кіраўнік Рассельгаснагляду паведаміў, што прапанова знішчаць прадукцыю без суправаджальных дакументаў была зробленая на нарадзе ў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) на ўзроўні першых намеснікаў старшыняў ураду.

«Мы ўнеслі прапанову. Прадукцыю, што паступае на тэрыторыю ЕАЭС без фітасанітарных суправаджальных і ветэрынарных суправаджальных дакументаў, неабходна знішчаць», – заявіў Сяргей Данкверт.

Паводле яго, праблематычна вызначыць якасць і паходжанне прадуктаў без дакументаў:

«Імпарт такой прадукцыі пачаў расці, калі мы сталі актыўней працаваць на межах Казахстану ды Беларусі, вывучаючы паходжанне прадуктаў. Усе дакументы, у тым ліку замежныя, мы ідэнтыфікуем даволі хутка. Тады сталі вазіць без дакументаў».

Паводле існуючай цяпер працэдуры, прадукцыя без дакументаў вяртаецца пастаўшчыку.

«Сёлета мы вярнулі ў Казахстан чатыры тыс. тонаў такой прадукцыі за першыя чатыры месяцы. У нас ужо пяць краінаў у саюзе, і бясконца вылоўліваць нелегальную прадукцыю становіцца складана. Угаворваць бізнес не вазіць без дакументаў – таксама», – дадаў Сяргей Данкверт.

У прэс-службе ЕЭК не валодаюць інфармацыя аб прапанове.

Крыніца ва ўрадзе распавяла, што імпартную прадукцыю без суправаджальных дакументаў пры ўвозе ў Расею і так знішчаюць самі імпарцёры.

«На кожнай мытні ёсць печкі. Нявыгадна везці тавар назад», – патлумачыла крыніца ва ўрадзе.

Цяпер у Расеі знішчаюць толькі забароненую да ўвозу прадукцыю з краінаў Еўразвязу, ЗША, Аўстраліі, Канады ды Нарвегіі. Такую норму ўвялі ўказам прэзідэнта Расеі ад 2015 года, прынятым «у мэтах рэалізацыі» указаў аб увядзенні харчовага эмбарга. Са жніўня 2015 года Рассельгаснагляд ужо знішчыў больш за 11 тыс. тонаў санкцыйнай прадукцыі расліннага і жывёльнага паходжання.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Известия»

Стужка навінаў