Расея–Польшча: вайна помнікаў


У Польшчы не хочуць паставіць помнік загінулым бальшавікам, расейцы ў адказ не пагаджаюцца на мемарыял на месцы катастрофы ўрадавага самалёту пад Смаленскам, бо ён «завялікі».

Помнік агрэсарам? Палякі супраць

На мінулым тыдні расейскія дзяржаўныя медыі паведамілі, што распачаўся збор сродкаў на помнік загінулым «у польскіх лагерах». Гаворка ідзе пра чырвонаармейцаў, якія падчас савецкай агрэсіі на Польшчу ў 1919 годзе памерлі ў палоне.

Помнік меўся б паўстаць на могілках у Кракаве. Прадстаўнік Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства Юрый Нікіфараў у інтэрвю расейскім медыям параўнаў смерць палонных бальшавікоў у лагерах з расстрэлам польскіх афіцэраў у Катыні. Гэтыя заявы, уласна як і сама ініцыятыва паставіць помнік чырвонаармейцам, выклікала абурэнне ў палякаў – як у шараговых грамадзянаў, гэтак і ў палітыкаў.

 

Паводле кіраўніка МЗС Польшчы Гжэгажа Схетыны, ідэя з помнікам – «відавочная правакацыя». У сваю чаргу прэзідэнт Кракава заявіў, што «не бачыць прычынаў» узводзіць такі помнік. «Мы маем справу з агрэсарамі. Мы не будзем ставіць помнікаў агрэсарам з Вермахту, таксама і не будзем ставіць помнікаў бальшавіцкім агрэсарам».

Польскія гісторыкі сцвярджаюць, што праз цяжкую эканамічную сітуацыю і эпідэміі, у палоне загінулі 16-17 тысячаў чырвонаармейцаў. Расейскія гісторыкі называюць большую лічбу – 18-20 тысячаў. Польскі бок пры гэтым спасылаецца на дакументы Чырвонага Крыжа, які даследаваў сітуацыю ў лагерах для палонных. Паводле расейскага боку, мела месца мэтанакіраванае знішчэнне.

«Калі польскія ўлады ўважліва даследуюць дакументы, то будуць вымушаныя прызнаць, што цудоўныя правілы рыцарскіх паводзінаў у гэтым выпадку былі, мякка кажучы, парушаныя», – заявіў міністр культуры Расеі Уладзімір Мядзінскі.

Расейскі помнікавы шантаж

Гэтая заява была не адзінаю рэакцыяй расейскага боку: у той жа дзень міністр культуры заявіў, што помнік, які мае паўстаць каля Смаленску на месцы катастрофы ўрадавага самалёта, «завялікі». Паводле праекту, мае быць пабудаваны мемарыял у выглядзе сцяны даўжынёю 100 метраў. Расея пагаджаецца толькі на 40.

«Мы атрымалі праект помніка даўжынёю 100 метраў. Яго ўзвядзенне немагчымае з тэхнічнага пункту гледжання, бо парушылі б правілы бяспекі аўтамабільнага руху», – заявіў Мядзінскі. Ды запрапанаваў «зменшаную» версію мемарыялу.

Раней польскі праект быў ухвалены адмыслова створанаю польска-расейскаю камісіяй і неаднаразова публічна прэзентаваўся ды абмяркоўваўся на ўзроўні міністэрстваў культуры. Падчас катастрофы самалёта ў 2010 годзе загінулі 8 чальцоў экіпажу ды 88 пасажыраў, у тым ліку прэзідэнт і першая лэдзі Польшчы, вышэйшае вайсковае кіраўніцтва, палітыкі.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары